«Белтэлекам» блакуе Хартыю ў рэжыме рэальнага часу
- 12.07.2012, 13:53
Нацыянальны аператар сувязі запусціў сістэму спецыялізаваных DNS-сервераў.
Дзякуючы ім найбуйнейшы інтэрнэт-правайдэр зможа маніторыць трафік і блакаваць доступ карыстальнікаў да пэўных сайтаў у рэжыме рэальнага часу.
Аб гэтым паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар РУП «Белтэлекам» Сяргей Папкоў, перадае БелТА.
Паводле яго слоў, «Белтэлекам» пабудаваў сістэму спецыялізаваных DNS-сервераў вясной гэтага года, зараз яна ўжо функцыянуе. «Асноўная яе задача - абараніць спажыўцоў ад трафіку, які не патрэбен ні ім, ні іх дзецям. Перш за ўсё гэта датычыцца сайтаў з дзіцячай парнаграфіяй і інтэрнэт-рэсурсаў, якія належаць тэрарыстычным групоўкам», - растлумачыў гендырэктар.
Нагадаем, у Беларусі дзейнічаюць так званыя спісы абмежаванага доступу, сфарміраваныя РУП «БелГІЭ», на падставе якіх доступ да непажаданых сайтаў блакуецца для карыстальнікаў з дзяржструктур, устаноў адукацыі і культуры. Нягледзячы на дэкларацыі аб барацьбе з парнаграфіяй і тэрарызмам, аднымі з першых у гэтыя спісы патрапілі незалежныя навінавыя сайты Хартыя'97 і «Беларускі партызан». У цяперашні час у чорным спісе змяшчаецца каля 80 сайтаў.