Андрэя Молчана зноў збілі і арыштавалі
- 14.07.2012, 10:36
(абноўлена) Актывіста «Еўрапейскай Беларусі» затрымалі сёння ноччу.
Андрэя Молчана затрымалі супрацоўнікі патрульна-паставой службы на вуліцы Астрашыцкай у менскім мікрараёне Уручча. Як паведаміла маці актывіста, міліцыянты спынілі яго на вуліцы і знайшлі налепкі. Пры затрыманні яго моцна збілі і ў Першамайскім РАУС склалі пратаколы па артыкулах 21.14 (Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў) і 17.1 (Дробнае хуліганства) КаАП РБ. Зараз Молчана вязуць у ЦІП на Акрэсціна, актывіста будуць судзіць у панядзелак у судзе Першамайскага раёна на вуліцы Астрашыцкай, 7.
Як раней паведамляў сайт charter97.org, на мінулым тыдні суд Першамайскага раёна аштрафаваў Андрэя Молчана на 8 базавых велічынь.
19 траўня Андрэй Молчан разгарнуў нацыянальны сцяг у ажыўленым месцы Менска, каля ўніверсама «Першамайскі» у знак салідарнасці з палітвязнем Сяргеем Каваленкай. Праз некаторы час да яго падбеглі супрацоўнікі міліцыі, вырвалі сцяг, павалілі на зямлю і пачалі збіваць. Потым яго кінулі ў машыну, дзе працягнулі біць да страты прытомнасці. Ачуўся Молчан толькі ў аддзяленні міліцыі Першамайскага раёна. Міліцыянты былі вымушаны выклікаць да яго «хуткую» і адвезці ў лякарню.