Місія БДІПЧ АБСЕ прыбывае ў Менск
- 16.07.2012, 10:26
Ацэначная місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ па назіранню за «выбарамі» прыбывае ў Беларусь 16 ліпеня.
Пра гэта БелаПАН паведаміла старшыня беларускага Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
«Сёння ў абед місія прыбывае ў Менск, увечары ў мяне запланавана з імі сустрэча», - сказала яна.
Паводле слоў Ярмошынай, у склад ацэначнай місіі ўваходзяць эксперты. «Яны ацэняць, які, на іх думку, неабходны колькасны склад місіі назіральнікаў за «выбарамі» у Беларусі. Затым рашэнне аб колькасці місіі будзе прымацца кіраўніцтвам АБСЕ», - паведаміла яна.
У Беларусі ацэначная місія будзе знаходзіцца з 16 па 18 ліпеня.
Варта адзначыць, што кіраўнікі ЦВК Беларусі крытычна ацэньваюць працу назіральнікаў АБСЕ.
Так, на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама 19 чэрвеня Ярмошына папракнула АБСЕ ў тым, што выніковыя справаздачы па назіранню за «выбарамі» «пішуцца не самімі назіральнікамі, а чыноўнікамі, якія ажыццяўляюць гэтыя функцыі ў кабінетах».
А сакратар ЦВК Мікалай Лазавік на прэс-канферэнцыі 11 ліпеня заявіў: «Можаце мяне запісаць у апазіцыянеры, але я ўнутрана не згодны з запрашэннем місіі назіральнікаў ад АБСЕ».
Каментуючы гэтыя папрокі, прадстаўнік БДІПЧ АБСЕ Томас Раймер 22 чэрвеня адзначыў: «Для ацэнкі выбарчых працэсаў у Беларусі і іншых краінах АБСЕ выкарыстоўвае аднолькавую метадалогію. БДІПЧ АБСЕ валодае ясным мандатам на назіранне за выбарчымі працэсамі і іх ацэнку ў краінах АБСЕ ў адпаведнасці з абавязацельствамі АБСЕ і іншымі міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў».
«АБСЕ засноўвае свае ацэнкі толькі на непасрэдных назіраннях сваіх назіральнікаў, - сказаў Раймер. - У адпаведнасці з абавязацельствам па забеспячэнні празрыстасці працы АБСЕ прадстаўляе свае ацэнкі і высновы ў публічных справаздачах: выніковых справаздачах, заявах аб папярэдніх адкрыццях і высновах, а таксама прамежкавых справаздачах. Усе яны даступны на сайце АБСЕ».
6 ліпеня МЗС Беларусі накіраваў запрашэнні для ўдзелу ў назіранні за «парламенцкімі выбарамі» у адрас БДІПЧ АБСЕ, Выканкама СНД, Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расеі, Міжпарламенцкай асамблеі СНД, Міжпарламенцкай асамблеі ЕўрАзЭС, Парламенцкай асамблеі АДКБ і Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
«Парламенцкія выбары» пройдуць у Беларусі 23 верасня.