Каваленка атрымаў доўгатэрміновае спатканне са сваякамі
- 16.07.2012, 10:51
Віцебскі актывіст КХП - БНФ Сяргей Каваленка, які адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі № 19, атрымаў дазвол на доўгатэрміновае спатканне са сваякамі.
Пра гэта БелаПАН паведаміла жонка Сяргея Каваленкі Алена.
Паводле яе слоў, аб спатканні Сяргей Каваленка напісаў ёй у лісце. «Спатканне павінна быць доўгатэрміновым, з 24 па 27 ліпеня. Аднак, у сувязі з тым, што Сяргей ужо з'яўляецца злосным парушальнікам рэжыму, я баюся, каб гэта спатканне не скарацілі да аднадзённага», - сказала Алена Каваленка.
Сяргей таксама пацвердзіў, што нават пасля надання яму статуса «злоснага парушальніка» ён атрымаў яшчэ адно пакаранне - пазачарговае дзяжурства. Гэта пацвярджае тое, што адміністрацыя калоніі «перастрахавалася» і зрабіла ўсё, каб Сяргей не патрапіў пад амністыю», - лічыць яго жонка.
Яна таксама адзначыла, што муж, нарэшце, атрымаў ад яе бандэроль з лекамі, якую яна высылала два тыдні таму.
Таксама Алена Каваленка паведаміла, што адвакат мужа атрымаў адказ на наглядную скаргу па прысуду. «Увогуле, адказ стандартны. У ім гаворыцца, што падстаў для вызвалення Каваленкі няма, суд прайшоў у адпаведнасці з законам, і гэтак далей», - распавяла яна.
Сяргей Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 года па абвінавачванні ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе аб пакаранні, якое было вынесена апазыцыянеру ў траўні 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска. У лютым гэтага года Каваленку асудзілі на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля затрымання ён абвясціў галадоўку пратэсту, якая доўжылася з невялікімі перапынкамі каля двух месяцаў.
18 траўня Віцебскі абласны суд адмовіўся задаволіць касацыйную скаргу Каваленкі на прысуд. У магілёўскую калонію апазіцыянер быў этапаваны 19 траўня.