Андрус Кубілюс: У ЕЗ павінна быць ясная стратэгія для Беларусі, Расеі і Украіны
- 16.07.2012, 15:19
Прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс сустрэўся з рэдактарам charter97.org Наталляй Радзінай.
Падчас сустрэчы абмяркоўвалася становішча палітвязняў у Беларусі і якой павінна быць рэакцыя Еўразвяза на палітычную сітуацыю ў краіне. Прэм'ер-міністр Літвы таксама даў эксклюзіўнае інтэрв'ю сайту charter97.org.
- За гады свайго прэм'ерства вы пераканаліся, што рэжым Лукашэнкі не ў стане ісці на дыялог з Еўропай, зрывае любыя дамоўленасці і, спрабуючы ўтрымацца ва ўладзе, толькі ўзмацняе рэпрэсіі ўнутры краіны. Якім вы бачыце рашэнне беларускай праблемы?
- Тут ёсць два важных моманты. Я веру ў тое, што гістарычна і Беларусь, і Расея, хай і з некаторым спазненнем, будуць гравіціраваць да еўрапейскіх каштоўнасцей. Гэта ўсяго толькі пытанне часу. Таму я бачу вялікую важнасць у тым, што мы павінны зрабіць, будучы ўдзельнікам Еўрапейскага Звяза. Мы павінны пераканаць Еўропу мець вельмі ясную стратэгію ў дачыненні да краін усходнееўрапейскай прасторы. Дарэчы, інтэграцыя і гравітацыя гэтага рэгіёну да Еўропы дапаможа і Расеі прайсці постімперскую трансфармацыю. У гэтай стратэгіі вельмі важна мець вельмі ясную тактыку, як дапамагчы дзяржавам-суседзям ЕЗ. І, па-мойму, зараз у гэтым ключавымі з'яўляюцца такія краіны як Малдова і Украіна. Калі Еўропа не наробіць памылак у дачыненні да Украіны і здолее знайсці механізмы, як наблізіць яе да Еўразвяза, гэта будзе вельмі моцна ўплываць і на тое, што будзе адбывацца ў Беларусі.
- І, якой на ваш погляд, павінна быць гэтая стратэгія? Еўропа пакуль нават не можа дасягнуць адзінства па пытанню ўвядзення супраць беларускай дыктатуры эканамічных санкцый.
- Трэба мець ясную стратэгію. Еўропа, вядома, павінна адказаць на пытанне: як наблізіць Беларусь да Еўропы, не зрабіўшы такіх крокаў, якія б адправілі яе яшчэ больш у абдымкі Крэмля. І ў гэтым пытанні санкцыі - меч двусечны. Я думаю, што неабходны больш шырокі погляд на ўсю ўсходнееўрапейскую прастору: на Беларусь, Украіну, Расею. Беларусь з'яўляецца асаблівым выпадкам у тым плане, што, калі не з'явіцца па суседстве ясных пераменаў, вельмі цяжка змяніць нешта ў Беларусі.
- Але расейскія і ўкраінскія дэмакраты сёння кажуць пра «лукашэнізацыю» Украіны і Расеі. Можа, трэба нарэшце вырашыць, перш за ўсё, беларускую праблему?
- Пра гэта можна доўга гаварыць, але трэба мець на ўвазе, што нам, балтыйскім краінам, пашанцавала, што нам далі магчымасць далучыцца да Еўрапейскага Звяза з самага пачатку, і мы трымаліся гэтага шляху. Але ў той жа час уся прастора на ўсход ад нас пайшла па кітайскаму шляху. Нейкая напаўрынкавая эканоміка з палітычнай вертыкаллю ўлады, з пародыяй, але не з рэальнымі выбарамі. У 1990-я гады здавалася, што «халодная вайна» скончылася абсалютнай перамогай заходняга светапогляду. Але гэта аказалася выкананым толькі напалову. У эканоміке - так. Тут камунізм і сацыялізм прайграў цалкам. Але тое, што здарылася ва ўсёй гэтай прасторы, ад Беларусі і да Сярэдняй Азіі, з некаторымі выключэннямі (Малдова, Грузія, Украіна падчас Юшчанкі і Цімашэнка) - уся гэта прастора пайшла па іншаму палітычнаму шляху. І напэўна спатрэбіцца некаторы час, каб стала ясна, што нармальная эканоміка не будзе развівацца без нармальнай дэмакратызацыі.
>b- Ваш ідэал палітыка - Рональд Рэйган. Як, на ваш погляд, Рэйган паступіў бы з Беларуссю, дзе забіваюць лідэраў апазіцыі, у турмах знаходзяцца палітвязні, фальсіфікуюцца ўсе выбары і ўсё гэта адбываецца амаль 20 гадоў?
- Не ведаю, што адказаць на гэтае пытанне. Вядома, вы абсалютна правы. Мы ўсе бачым, які стан праў чалавека і ўсёй сістэмы ў Беларусі. Пытанне стаіць у тым, якім чынам можна дапамагчы вырашыць гэтыя праблемы. Я спрабую сказаць, што ключ ляжыць не толькі ў самой Беларусі і не толькі ў лініі «Еўропа-Беларусь». Еўропе трэба больш шырока зразумець усходні рэгіён. У гэтым ёй, у тым ліку, могуць дапамагчы Злучаныя Штаты Амерыкі. Не маючы яснай стратэгіі да ўсяго рэгіёну, мы нічога не дасягнем. Арыентуючыся толькі на Беларусь і канцэнтруючыся толькі на Беларусі, можна і не дасягнуць мэты.
- Якой вы бачыце Беларусь праз 5 гадоў?
- Цяжка сказаць Я меў магчымасць два гады таму, можа быць наіўна гледзячы на некаторыя рэчы, правесці чарговы летні турпаход на роварах па беларускіх мясцінах, па старых замках, і я казаў шчыра: падарожнічаючы па гэтай частцы Беларусі, адчуваеш, што ты падарожнічаеш па прасторы агульнай культурнай і палітычнай спадчыны. Межы ў гэтым рэгіёне, як ні дзіўна, з'явіліся толькі ў апошнія 20 гадоў. Праязджаючы міма старых крэпасцяў і гарадоў, бачыш, што гэта прастора з'яўляецца еўрапейскай.
- Але сёння Літве цяжка суседнічаць з дыктатурай?
- Вядома, значна лепш мець нармальнага еўрапейскага суседа. Нам хацелася б мець суседства з Беларуссю і Расеяй, як Люксембург з Германіяй. Але зноў жа, сустракаючыся падчас свайго падарожжа з грамадзянамі Беларусі, я адчуваў пачуццё спачування, разумеючы, што жыхары Беларусі губляюць з-за такой сітуацыі. І ўзнікае патрэба дапамагчы ім вырашыць гэтыя праблемы. Шкада, што мы не маем па суседстве нармальнай дэмакратычнай дзяржавы.