Лукашэнка: Давай $30 мільярдаў ці да пабачэння!
- 17.07.2012, 14:13
Дыктатар заявіў, што ААТ «Беларуськалій» ацэнены ў $30-32 млрд.
«Я даручыў правесці ацэнку. $30-32 млрд, ніжэй - ніяк. Кантрольны пакет, каб страціць кіраванне, я дазволіць не магу», - заявіў А.Лукашэнка ў аўторак, наведваючы ААТ «Беларуськалій », піша «Інтэрфакс».
Беларускі кіраўнік адзначыў, што «цяпер шмат размоў, ціск з розных бакоў, чаму беларусы не прыватызуюць». «Ціск нават ад тых дзяржаў, ад якіх мы вельмі залежым», - сказаў А.Лукашэнка.
«Хочаце - мы прададзім вам не кантрольны пакет акцый. Давайце, 10, 20, 25%, але плаціце. Тыя ж 25% - гэта $8,5-9 млрд. Такіх пакупнікоў не знайшлося», - канстатаваў ён. Паводле яго слоў, «усё хочуць за 8 мільярдаў купіць ўвесь камбінат». «Я кажу: да пабачэння, такіх коштаў няма. Гэта мая прынцыповая пазіцыя», - падкрэсліў А.Лукашэнка.
Пры гэтым беларускі дыктатар заявіў, што яму «няма сэнсу спяшацца з продажам «Беларуськалія». «Я не збіраўся і не збіраюся камусьці прадаваць «Беларуськалій» за бесцань. Калі хтосьці хоча, то плаціце грошы. Кошт вядомы, яго ніхто паніжаць не будзе. Хочаце - плаціце, але толькі за пэўную долю. Калі нейкую долю і прададзім, то толькі за вялікія грошы», - заявіў Лукашэнка.
Беларусь можа «кінуць» «Уралкалій»
Аляксандр Лукашэнка не выключае перагляду стасункаў з расейскім «Уралкаліем», які з'яўляецца асноўным акцыянерам Беларускай калійнай кампаніі (БКК).
«Усе пытанні па Беларускай калійнай кампаніі павінны быць вырашаны да 1 верасня, нават калі прыйдзецца нашы адносіны з расейцамі («Уралкалій»- рэд.) перагледзець», - заявіў Лукашэнка, перадае РІА «Новости».
ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» - эксклюзіўны пастаўшчык калійных угнаенняў вытворчасці ААТ «Беларуськалій» (Салігорск, Менская вобласць) і ААТ «Уралкалій» (Пермскі край, РФ) на замежныя рынкі. БКК створана ў 2005 годзе. Акцыянерамі кампаніі з'яўляюцца «Беларуськалій» (45%), Беларуская чыгунка (5%) і «Уралкалій» (50%). БКК з'яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком на сусветным рынку экспарту калійных угнаенняў.
Як растлумачыла РІА Новости крыніца ў «Беларуськаліі», у кампаніі лічаць, што ў цяперашні час рынкі продажаў паміж беларускім і расейскім бакамі падзелены несправядліва.
«Нам патрэбна поўная яснасць, таму давайце будзем разбірацца - Беларуская калійная кампанія павінна быць захавана», - сказаў Лукашэнка.
«Хочуць працаваць асобна - хай працуюць. Беларуская калійная кампанія павінна займацца не толькі продажам калійных угнаенняў, а таксама продажам складаных і змешаных угнаенняў», - заявіў дыктатар.