Арганізатары «плюшавага дэсанта»: Журналіст не датычны да акцыі
- 17.07.2012, 16:13
Напярэдадні акцыі ў шведаў не было ніякіх кантактаў ні з кім з прадстаўнікоў Беларусі.
20-гадовы студэнт Інстытута журналістыкі БДУ, які першым размясціў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі плюшавых мядзведзяў, скінутых 4 ліпеня са шведскага самалёта над Івянцом і Менскам, быў затрыманы 13 ліпеня. У дачыненні да Антона ўзбуджана крымінальная справа, ён падазраецца ў дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы. Сурапіну пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Фатограф сцвярджае, што здымкі плюшавых медзведзянятаў яму даслаў па электроннай пошце невядомы чалавек.
«Мы і раней казалі пра тое, што напярэдадні акцыі ў нас не было ніякіх кантактаў ні з кім з прадстаўнікоў Беларусі. Натуральна, у нас не было ніякіх кантактаў і з Антонам», - заявіў у інтэрв'ю БелаПАН Томас Мазэцці, які разам са сваёй калегай Ханнай Лінай Фрэй кіраваў самалётам падчас акцыі.
Паводле яго слоў, у бліжэйшыя два-тры дні арганізатары акцыі выступяць з афіцыйнай заявай з гэтай нагоды. «Яна будзе адрасавана, у тым ліку, беларускім уладам. Больш за тое, мы гатовыя адказаць на ўсе пытанні беларускіх следчых, калі яны прыедуць у Швецыю», - сказаў Мазэцці.
Ён таксама не ведае, хто мог адправіць Антону Сурапіну фатаграфіі з медзведзянятамі. Арганізатары акцыі гэтага не рабілі дакладна, падкрэсліў Мазэцці. «Але памяркуеце самі: мы скінулі некалькі сотняў медзведзянятаў, і я сам бачыў, што многія людзі іх фатаграфавалі. Адаслаць фатаграфіі Антону мог любы з іх», - дадаў прадстаўнік кампаніі Studio Total.
Антон Сурапін утрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ. Да 23 ліпеня яму павінна быць прад'яўлена абвінавачванне. Артыкул 371 частка 3 КК, па якой ён падазраецца (наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, здзейсненае арганізаванай групай асоб), прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці.
Варта адзначыць, што афіцыйны Менск спачатку адмаўляў факт парушэння замежным самалётам паветранай прасторы Беларусі. Пасля гэтага арганізатары акцыі, размясцілі ў інтэрнэце відэазапіс свайго палёту над Беларуссю, а затым выступілі з заявамі аб тым, што пры падрыхтоўке да акцыі яны не кантактавалі ні з кім з прадстаўнікоў Беларусі.
Гэта гісторыя атрымала шырокі грамадскі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў баяздольнасці беларускай СПА. У цяперашні час камісія прэзідэнта праводзіць праверку ўсіх злучэнняў і воінскіх часцей Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.