Стыхійны пратэст рабочых «Пінскдрэва»
- 18.07.2012, 13:46
Больш за сотню рабочых выходзяць з афіцыйнага прафсаюза.
Рабочыя абураныя здзекліва нізкай зарплатай за апошні месяц. Нязгодныя рабочыя сабраліся на стыхійны мітынг і вырашылі выйсці з дзяржаўнага прафсаюза. Каля 100 заяў былі напісаны адразу. Потым - 150, збор заяў працягваецца і цяпер, потым іх перададуць на імя генеральнага дырэктара Аляксандра Судніка, паведамляе «Радыё Рацыя».
Акцыя адбываецца ў адным са структурных падраздзяленняў холдынгавай кампаніі «Пінскдрэў» на заводзе габляванага шпону і мэблі.
Сітуацыю з пратэстам пракаментаваў рабочы Зміцер:
- Настолькі цяжкая зараз эканамічная сітуацыя ў рабочых, калі зарплаты ў параўнанні з той працай, якую людзі робяць, такія мізэрныя. Літаральна сёння людзі атрымалі разліковыя лісты, паглядзелі на іх і ва ўсіх проста апусціліся рукі. Таму што тыя сумы, якія нам выплочваюць, - здзеклівыя. Бо людзям трэба карміць сваю сям'ю, карміцца самім, выплачваць крэдыты і ўжо гэта фактычна не толькі немагчыма, але гэта ўганяе людзей у нейкія абавязацельствы, таму што з'яўляюцца пазыкі і г.д.
Зміцер адзначыў, што незадаволенасць сярод рабочых была ўжо даўно, але людзі стрымліваліся да апошняга, спрабавалі хадзіць на прыём да генеральнага дырэктара, верылі ў лепшыя перамены пасля адстаўкі Лорана Арыніча і разбораў па выбуху на заводзе. Як адзначыў рабочы, чуткі аб выказаным пратэсце на заводзе распаўсюджваюцца па ўсім холдынгу і жадаючых далучыцца вельмі шмат.