Беларусы ў чаканні новай дэвальвацыі: попыт на валюту расце
- 18.07.2012, 13:51
У Беларусі зноў з'явіўся ажыятажны попыт на валюту.
Паводле афіцыйных дадзеных Нацыянальнага банка краіны, у чэрвені насельніцтва параўнальна з траўнем набыло валюты на 17,4 мільёна даляраў больш, чым прадало. Такога не было з сакавіка 2011 года.
«Звязана гэта толькі з сезонам адпачынку, калі людзі традыцыйна купляюць валюту, каб адпачыць за мяжой?» - запыталася «Радыё Свабода» ў экспертаў.
Барыс Жэліба, доктар эканамічных навук, прафесар, адзначае, што рублёвая маса ў Беларусі пачала вельмі хутка расці. Калі ў траўні яе прырост склаў 5%, то ў чэрвені - ужо 14%:
«А людзі цяпер адукаваныя. Яны чытаюць у Інтэрнэце, у СМІ. І бачаць, што прырост рублёвай масы становіцца ўсё больш хуткім. З-за гэтага ў людзей узнікаюць так званыя інфляцыйныя чаканні адносна рубля. Гэта і тлумачыць матывы перакладу сваіх грошай у замежную валюту.
Да таго ж Лукашэнка сказаў, што ў жніўні павінна павялічыцца стаўка першага разраду. Людзі разумеюць, што пасля гэтага будзе, і ўжо зараз запасаюцца валютай. Таму ажыятажны попыт на яе - гэта не толькі перыяд адпачынку, але і інфляцыйныя чаканні насельніцтва».
Яўген Прэйгерман, дырэктар па даследаваннях ліберальнага клуба:
«Тут дзейнічаюць два фактары. Першы - людзям патрэбна валюта для адпачынку. Другі - зніжаецца стаўка рэфінансавання. І таму людзі пачынаюць пераводзіць рублёвыя дэпазіты ў валюту. А потым, зразумела, яны адкладуць яе дома ў загашнік або перавядуць у якасці валютных дэпазітаў.
І гэтая тэндэнцыя стала назірацца ўжо дзесці з траўня. Менавіта ў гэты час пачалі заканчвацца трохмесяцовыя кантракты па рублёвых дэпазітах, якія насельніцтва складала з банкамі».