Шведы назвалі Лукашэнку «узброеным клоўнам»
- 19.07.2012, 13:29
Пер Кромвел са шведскай Studio Total звярнуўся непасрэдна да беларускага дыктатара.
Зварот звязаны з арыштамі ў Беларусі людзей пасля палёту ў Беларусь шведскіх праваабаронцаў, якія нелегальна перасеклі паветраную мяжу РБ і правялі акцыю ў падтрымку свабоды слова ў краіне. Прыводзім тэкст звароту кіраўніка Studio Total Пера Кромвела да Аляксандра Лукашэнкі, тэкст якога паступіў таксама ў рэдакцыю charter97.org:
- Мы ніколі загадзя не паведамлялі ні Антону Сурапіну, ні іншым грамадзянам Беларусі аб тым, што мы плануем зрабіць. Мы занадта любім, паважаем і захапляемся імі, каб падвергнуць іх такой рызыцы. Мы лёгка знайшлі ўсё, што нам трэба было ведаць пра беларускую супрацьпаветраную абарону ў Інтэрнэце. Апісанне паўсюль было аднолькавае: грубы, але надзвычай слабафункцыянальны механізм, які найлепшым чынам падыходзіць хіба што для парадаў і запалохвання грамадзянскага насельніцтва.
Нядаўна ты паведаміў, што асабіста гарантуеш эфектыўнасць абароны беларусаў. Ты выдаткаваў 20 мільярдаў еўра на сістэму супрацьпаветранай абароны, якая не змагла заўважыць невялікі самалёцік з грузам плюшавых медзведзянятаў. Як сказаў былы міністр абароны Беларусі Павел Казлоўскі, ты стварыў рэжым, які марнуе ўсю сваю энергію на тое, каб зрабіць выгляд, што пацыент здаровы, не робячы нічога, каб яго лячыць.
У інтэрнэце цябе выстаўляюць клоўнам. Але мы не наіўныя. Ты страшней, таму што ты - узброены клоўн. Але ў перспектыве нават узброены клоўн не можа забараніць людзям смяяцца. А калі людзі над табой смяюцца, нават тваім сябрам не захочацца быць побач з табой.
Вазьмі сябе ў рукі, пакуль не позна. Выкарыстай частку фінансавых рэсурсаў, якія ты траціш на КДБ і ваенныя парады, на тое, каб дапамагчы краіне выбрацца з фінансавага крызісу. І, што яшчэ важней - паменшы сваю палітычную актыўнасць ... Ты - кіраўнік фантастычнага народа. Ён заслугоўвае пераменаў.
Але калі ўжо табе ніяк не абысціся без таго, каб саджаць і мучаць людзей - дык чаму б не запрасіць нас? Бо ў рэшце рэшт гэта ж мы прыляцелі на самалёце, а не які-небудзь няшчасны хлопец, які на сваё няшчасце прадаў нам шакаладкі. Мы абяцаем прыехаць і адказаць на ўсе твае пытанні і распавесці ўсё пра нашу аперацыю. Як мы ляцелі, як мы падманулі тваю сістэму паветранай абароны і гэтак далей. Усё, што табе трэба зрабіць, гэта толькі паабяцаць не мучаць невінаватых людзей, якія апынуліся паблізу. А, можа, нам проста яшчэ раз праляцець над Беларуссю? Каб не прапусціць, напрыклад, твой чэмпіянат свету па хакеі?.