«Зялёныя» заклікаюць адмовіцца ад вар'яцкай ідэі будаўніцтва АЭС
- 19.07.2012, 16:50
Беларуская партыя «Зялёныя» прыняла зварот да міжнароднай грамадскасці ў сувязі з арыштам актывістаў антыядзернай кампаніі і падпісаннем генплана на будаўніцтва АЭС.
У заяве, якую атрымаў сайт charter97.org, гаворыцца:
«У Менску 18 ліпеня 2012 года былі арыштаваныя актывісты антыядзернай кампаніі (Беларуская партыя «Зялёныя» з'яўляецца адным з заснавальнікаў гэтай кампаніі), якія планавалі перадаць петыцыю супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі прэм'ер-міністру Расейскай Федэрацыі Дзмітрыю Мядзведзеву. Гэтую петыцыю падпісала таксама Беларуская партыя «Зялёныя». Прэм'ер-міністр Расеі прыбыў у Менск для падпісання генеральнага кантракта на будаўніцтва Беларускай АЭС.
Невядомымі людзьмі ў цывільным былі затрыманыя каардынатар антыядзернай кампаніі Таццяна Новікава і расейскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі.
Затым былі таксама затрыманыя каардынатар маніторынгавай групы Цэнтра прававой трансфармацыі Міхаіл Мацкевіч і кіраўнік праўлення грамадскага аб'яднання «Экадом» Ірына Сухій. Ірына Сухій накіроўвалася ў расейскую амбасаду з мэтай перадаць арыгінал петыцыі супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі. Міхаіл Мацкевіч накіроўваўся ў РАУС Ленінскага раёна г. Менска, дзе знаходзіліся раней затрыманыя экалагічныя актывісты Таццяна Новікава і Андрэй Ажароўскі.
У выніку Ірына Сухій па выдуманым абвінавачванні ў тым, што яна «нецэнзурна лаялася ў грамадскім месцы» атрымала адміністрацыйны штраф у памеры 15 базавых велічынь (1 базавая велічыня ў Рэспубліке Беларусь - 100 000 беларускіх рублей/10 еўра), а Міхаіл Мацкевіч быў асуджаны на 3 сутак.
Беларуская партыя «Зялёныя» асуджае затрыманне і арышт экалагічных актывістаў і заклікае сваіх міжнародных калег і міжнародную грамадскасць асудзіць падобныя дзеянні ўлад Рэспублікі Беларусь і заклікаць вінаватых да адказнасці. Партыя таксама заклікае звярнуцца да кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь і асабіста Лукашэнкі, а таксама кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі ў асобе Уладзіміра Пуціна і Дзмітрыя Мядзведзева з мэтай адмовіцца ад вар'яцкай і катастрафічнай ідэі будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і ва ўсім Балтыйскім рэгіёне».