Ярмошына: «Выбары» праходзяць млява
- 19.07.2012, 17:13
Цэнтрвыбаркам Беларусі не чакае вялікага конкурсу пры вылучэнні прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій.
Пра гэта паведаміла журналістам старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, перадае БелТА.
Лідзія Ярмошына прыняла ўдзел у семінары ідэалагічнага актыва Менска на тэму «Выбары дэпутатаў «палаты прадстаўнікоў»- найважнейшая палітычная падзея беларускай дзяржавы».
Вылучэнне прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій павінна адбыцца не пазней за 5 жніўня. Кіраўнік ЦВК падкрэсліла, што падыходы да выбару кандыдатаў у склад участковых выбарчых камісій не змяняюцца. Па-ранейшаму мясцовыя ўлады будуць падбіраць на месцы ў гэтыя камісіі людзей з «добрай рэпутацыяй».
Каментуючы цяперашні этап выбарчай кампаніі (19 ліпеня - апошні тэрмін прадстаўлення ў акруговыя выбарчыя камісіі спісу удзельнікаў ініцыятыўнай групы і заявы аб рэгістрацыі групы), Лідзія Ярмошына адзначыла, што выбары праходзяць млява. «Я, шчыра кажучы, хвалююся за выбаршчыкаў. Хочацца, каб ім было цікава, а цікава толькі тады, калі ёсць цікавыя, годныя кандыдаты», - сказала старшыня ЦВК.