BE RU EN

Чаму я пайшоў на выбары?

  • Аляксандр Мілінкевіч, «Белорусские новости»
  • 23.07.2012, 12:13

Бо лічу, што байкотная дуліна ў кішэні, скручаная ў бок уладаў, у выніку будзе павернутая таксама ў бок простых беларусаў.

І потым не трэба наракаць, што народ паказвае кукішы ў адказ.

Меркаванні «супраць» даводзіліся самыя розныя. Адныя казалі: «Твой узровень — барацьба за прэзідэнцтва», іншыя — пра толькі байкот, бо, маўляў, «балатавацца — значыць, быць памагатым рэжыму!».

У першым выпадку цешылі ганарыстасць, у другім — тролілі крыклівым, прымітыўным антыпіярам а-ля БТ, што, на жаль, прэтэндуе цяпер на мэйнстрым у вольнай грамадскай думцы. Я гатовы да ўсялякіх ярлыкоў ад байкотчыкаў у еўрапейскіх сталіцах па перыметры Беларусі ды ў інтэрнэце, ад палітыкаў-адзіночак, за якімі няма структураў і якія сваю маргінальнасць маскуюць пад высокамаральную палітычную пазіцыю.

А з іншага боку, ёсць мужны палітык Мікола Статкевіч, які праз краты заклікаў браць удзел у выбарах: «Пры адсутнасці прагрэсу ў дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства задачамі ўдзелу дэмакратычных сіл у парламенцкай кампаніі павінны быць: карыстанне легальнымі магчымасцямі для агульнанацыянальнай агітацыйнай кампаніі, правядзенне скаардынаваных акцыяў пратэсту па ўсёй краіне ў фармаце сустрэч з выбаршчыкамі, збор доказаў фальсіфікацыі выбараў. Няўдзел апазіцыі ў выбарах не з’яўляецца нагодай для іх міжнароднага непрызнання, гэтак жа, як удзел не з’яўляецца нагодай для іх прызнання».

Калі яго, палітвязня, ужо паспелі абліць брудам і западозрыць у працы на ўладу, то што ўжо наракаць мне?! Нячыстыя прапагандысты, на вялікі жаль, ёсць і на нашым баку барыкадаў.

Мне закідаюць, што вось на выбары ў прэзідэнты ў 2010 годзе не пайшоў, а цяпер балатуюся, нібыта нешта змянілася. Адказваю. Тады, у 2010 годзе, улады напісалі сцэнар, каб кандыдатаў было не злічыць пальцамі аднае рукі. Каб колькасць пераўзыходзіла якасць.

У адрозненне ад прэзідэнцкіх, парламенцкія выбары ўладу змяніць наўрад ці змогуць. Але вельмі важны ўдзел у выбарчай кампаніі дзеля стасункаў з народам — каб давесці, што ёсць альтэрнатыва, што незалежнасць і еўрапейская перспектыва пад пагрозай. У рэшце рэшт, каб не быць далёкімі і незразумелымі для народа.

Сёння сітуацыя такая, што ўлады самі па сабе, апазіцыя сама па сабе, а народ сам па сабе. А між тым час для краіны лёсавызначальны. Задачай Руху «За Свабоду» на гэтых выбарах з'яўляецца ўмацаванне ў беларусах адчування неабходнасці пераменаў і асабістай адказнасці за лёс Радзімы. Мы хочам распавесці людзям аб паспяховых рэформах у розных краінах, у тым ліку суседніх: у Эстоніі, Славакіі, Польшчы, Чэхіі ды іншых. А таксама прапануем план рэформаў для Беларусі з улікам іхніх памылак. Будзем прэзентаваць «Народную праграму» — своеасаблівую дарожную мапу рэформаў, над якой працавалі больш за год.

Беларусы могуць зладзіць перамены, таму што мы маем залатыя рукі і светлыя галовы.

Для перамен патрэбная вера, аптымізм.

Таму нам важна прадэманстраваць, што сярод незалежных кандыдатаў у дэпутаты ёсць акурат шмат такіх людзей — працавітых і разумных, годных і сумленных, якія любяць сваю Радзіму і ведаюць, як ажыццявіць у ёй перамены. Нам патрэбна не стабільнасць выжывання, а стабільнае развіццё, і мы маем дзеля гэтага самае галоўнае — таленавіты народ. І такі народ мае права мець дэпутатамі тых, каго ён абірае, а не каго яму падсоўваюць.

Я балатуюся па 109-й акрузе Мінску, што ва Ўруччы.

І перакананы, што, маючы ў сваёй ініцыятыўнай групе, у сваёй камандзе сапраўдных прафесіяналаў у самых розных сферах і правёўшы інтэнсіўную інфармацыйна-агітыцыйную кампанію, перамагу, прынамсі, у думках людзей. Бо ведаю настроі жыхароў Уручча асабіста, паводле лакальных сацыялагічных апытанняў, і ведаю пазіцыі мінчукоў наогул.

Пры справядлівым і сумленным падліку галасоў з незалежных кандыдатаў, ад апазіцыі перамагу не адзін я. Нават парламенцкая фракцыя з тузін дэпутатаў магла б прасоўваць рэформы ў краіне. Паглядзіце: апошні склад парламенту сам ініцыяваў толькі некалькі законапраектаў. А парламент у нармальнай краіне — гэта не кантора штампавальшчыкаў дакументаў, спушчаных зверху, а форум народных дэпутатаў, што займаюцца законатворчасцю і бароняць інтарэсы выбаршчыкаў.

Што б я рабіў у першую чаргу, маючы дэпутацкі мандат? Абяцаю распавесці ў наступным артыкуле.

Аляксандр Мілінкевіч, «Белорусские новости»

Апошнія навіны