BE RU EN

16-гадовую Кацярыну Скурат дапытаў супрацоўнік КДБ

  • 23.07.2012, 14:04

Сяброўка арыштаванага фатографа Антона Сурапіна, якая нібыта першая сфатаграфавала шведскіх медзведзянятаў, зараз на волі.

З неафіцыйных крыніц стала вядома, што 16-гадовую Кацярыну Скурат, якая сфатаграфавала цацкі, скінутыя над Івянцом, не арыштавалі. Аднак дзяўчыну дапыталі супрацоўнікі КДБ у прысутнасці бацькоў. Яна плакала, адказваючы на пытанні чэкістаў. Тыя пагаварылі з Кацярынай і яе бацькамі, а потым сышлі, піша «Народная воля».

Старонка Кацярыны Скурат у сацыяльнай сетцы «Вконтакте», на якой былі размешчаныя фатаграфіі цацачнага дэсанта са шведскага самалёта, выдаленая.

Як паведамляў раней charter97.org, у «Фэйсбуку» з'явілася інфармацыя, што дзяўчыну падазраюць у тым, што менавіта яна першай сфатаграфавала «шведскі дэсант» і даслала фотаздымкі Антону Сурапіну. А журналіст, у сваю чаргу, апублікаваў гэтыя фатаграфіі на сайце bnp.by.

Нагадаем, 4 ліпеня шведскае рэкламнае агенцтва Studio Total паведаміла на сваім сайце аб тым, што правяло акцыю ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Шведы на лёгкаматорным самалёце праляцелі ад літоўскай мяжы да Менска і бесперашкодна вярнуліся. Над ускраінай беларускай сталіцы, а таксама над мястэчкам Івянец Валожынскага раёна Менскай вобласці шведскія лётчыкі скінулі 876 плюшавых мішак з прывязанымі да іх улёткамі ў абарону свабоды прэсы ў Беларусі.

Па гэтай справе раніцай 13 ліпеня быў затрыманы 20-гадовы фатограф Антон Сурапін, ён падазраецца ў дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы за апублікаванне фатаграфій шведскіх мядзведзяў. Таксама затрыманы рыэлтар Сяргей Башарымаў, у якога шведы збіраліся зняць кватэру, але адмянілі бронь па смс. Дзяўчыну Башарымава Ірыну Лагойка суткі пратрымалі ў «амэрыканцы».

Абодвум маладым людзям пагражае да 7 гадоў турмы.

Апошнія навіны