BE RU EN

Пратэстуючаму рабочаму «Пінскдрэва» пагражаюць звальненнем

  • 25.07.2012, 12:25

На рабочага Зміцера Кудранка збіраюць суму дробных парушэнняў, каб яго звольніць.

Начальнік службы эканамічнай бяспекі холдынгу «Пінскдрэў» папярэдзіў кіраўніка пратэстаў рабочых Зміцера Кудранка, што ён будзе адказваць за заклікі да беспарадкаў, перадае «Радыё Свабода».

Рабочаму Кудранку, які ўзначальвае Рабочы савет на «Пінскдрэве», прапанавалі таксама спыніць усялякія пратэсты.

Зміцер Кудранок распавёў, што ціск на яго быў з першых дзён пратэсту:

«Падышоў да мяне начальнік цэха і азнаёміў з загадам аб пераводзе на новы станок. На гэтым станку працуюць тры чалавекі, а мне загадалі туды стаць першым нумарам. Але спецыфіка гэтага абсталявання такая, што на ім можа працаваць толькі чалавек, які прайшоў спецыяльную падрыхтоўку. Інакш гэта можа прывесці да няшчасных выпадкаў ці нават да гібелі рабочага. Я адмовіўся станавіцца за той станок, і мне давялося ў пісьмовым выглядзе тлумачыць сваю адмову».

Пасля гэтага, кажа Зміцер Кудранок, яго прымусілі пісаць тлумачальныя за спазненні:

«Літаральна праз паўтары гадзіны прыйшоў чалавек са службы бяспекі холдынгу, які азнаёміў мяне з раздрукоўкай уваходаў на завод. У нас тут электронная сістэма ўліку. Мне прыйшлося, ізноў жа ў пісьмовым выглядзе, тлумачыць прычыну двух спазненняў на пяць хвілін, якія былі яшчэ месяц назад».

Супрацоўнік завода кажа, што лічыць гэта дробнымі прычэпкамі, якія даюць падставы лічыць, што на яго спрабуюць набраць базу для звальнення:

«Збіраюць пэўную суму дробных парушэнняў. Гэта сведчыць аб тым, што ўсе ўкладваецца ў класічную схему звальнення».

Апошнія навіны