Studio Total пачала прадаваць сумкі з «мядзведжым дэсантам»
- 25.07.2012, 12:40
Замовіць сабе такую сумку ад шведскага рэкламнага агенцтва можна за 18 даляраў.
Пажывіцца сумкай можна на сайце cafepress.com. Дызайн распрацаваны Studio Total, той самай, якая сцвярджае, што правяла акцыю з бамбаваннем Беларусі цацачнымі медзведзянятамі, перадае «Еўрарадыё».
Нагадаем, што лёгкі шведскі самалёт маркі Jodel раніцай 4 ліпеня перасёк літоўска-беларускую мяжу і даляцеў да Менска, скінуўшы там некалькі сотняў цацачных медзведзянятаў, да якіх былі прымацаваныя запіскі з патрабаваннямі свабоды слова. На зваротным шляху самалёт правёў такую ж акцыю над Івянцом. У той жа дзень некаторыя шведскія СМІ апублікавалі фота і відэа палёту.
Афіцыйны Менск да гэтага часу абвяргае факт парушэння мяжы, аднак КДБ узяў пад варту фатографа Антона Сурапіна і рыэлтара Сяргея Башарымава. Абодва праходзяць па справе аб парушэнні дзяржаўнай мяжы групай асоб. КДБ ход расследавання ніяк не каментуе.