Станіслаў Шушкевіч: «Тое ж самае будзе з Чэмпіянатам свету па хакеі»
- 25.07.2012, 12:58
Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч пракаментаваў рашэнне аргкамітэта лонданскай Алімпіяды не даваць акрэдытацыю Лукашэнке.
Як сказаў «Радыё Свабода» Станіслаў Шушкевіч, ён да гэтага часу застаецца ў спісе невыязных з Беларусі і вымушаны ездзіць за мяжу праз Расею:
«Як можна пускаць такога чалавека ў Лондан? Так што правільна зрабілі. Туды пускаюць прыстойных людзей. А тут з гэтым ёсць праблема. Гэта першы крок. Потым тое ж самае будзе і з Чэмпіянатам свету па хакеі. Яны гэта цярпець не будуць. Чаму беларускія ўлады не выпускаюць з Беларусі ў парушэнне канстытуцыі? Вось кажуць: не парушай законаў, не парушай Канстытуцыю. Будзеш прыстойным чалавекам - пусцім. Але гэта немагчыма ў яго выпадку».
Нагадаем, як раней паведамляў сайт charter97.org, арганізатары Алімпійскіх гульняў адмовілі ў акрэдытацыі Аляксандру Лукашэнке.
Пра гэта паведаміў у сваім акаўнце ў Твітэры старшыня Алімпійскага камітэта Расеі Аляксандр Жукаў.
«Прэзідэнту НАК Беларусі аргкамітэт Алімпіяды ў Лондане не даў акрэдытацыю», - напісаў ён.
Беларускі кіраўнік знаходзіцца ў «чорным спісе» Еўразвяза з-за рэпрэсій супраць апазіцыі, фальсіфікацыі выбараў і парушэння праў чалавека ў Беларусі. Яму, як і больш, чым 200 іншым беларускім чыноўнікам і бізнэсмэнам, забаронены ўезд на тэрыторыю краін ЕЗ.
На адкрыццё лонданскай Алімпіяды прыбудзе рэкордная колькасць кіраўнікоў дзяржаў - прыкладна 120.