Ярмошына назвала вылучэнне Статкевіча «правакацыяй»
- 25.07.2012, 13:01
Старшыня ЦВК таксама не ўхваліла правядзенне кампаніі байкоту «выбараў».
«Маюць месца спробы правядзення правакацый, спробы ўдзелу ў кампаніі асоб, якія не толькі асуджаныя, але і знаходзяцца ў месцах зняволення, ці знаходзяцца ў бегах», - сказала Лідзія Ярмошына, сустракаючыся ў сераду ў Менску з кіраўніком місіі назіральнікаў ад СНД на парламенцкіх выбарах, Выканаўчым сакратаром Садружнасці Сяргеем Лебедзевым, перадае «Інтэрфакс».
«Радавое крымінальнае пытанне спрабуюць вывесці на рэспубліканскі ўзровень», - адзначыла кіраўнік ЦВК, маючы на ўвазе экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, які знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі.
Таксама, адзначыла Ярмошына, «ёсць спробы арганізацыі пікетаў па агітацыі за байкот выбараў». Яна патлумачыла, што заканадаўства Беларусі не забараняе агітаваць за няўдзел у выбарах. «Але з пункту гледжання палітычных, міжнародных традыцый гэта не можа быць ухвалена», - сказала кіраўнік ЦВК, разлічваючы, што міжнародныя назіральнікі звярнуць на гэта ўвагу. Акрамя таго, па словах Ярмошынай, ужо зафіксаваныя факты з'яўлення «незаконнай друкаванай прадукцыі, улётак, якія ўкідваюцца ў паштовыя скрыні». «Гэта можа быць расцэнена як правакацыі супраць правядзення выбараў у краіне», - заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама.
У гутарцы з Лебедзевым яна адзначыла, што «прыезд і пачатак працы місіі СНД з'яўляецца прыемнай падзеяй». «Мы гэтую місію прымаем, як сяброў, як добразычлівых крытыкаў», - сказала Ярмошына, заявіўшы, што «ніякіх праблем у назіральнікаў па кантактах з Цэнтрвыбаркамам не было і не будзе».