Намесніка Ладуцькі абвінавачваюць у вымагальніцтве $500.000
- 25.07.2012, 15:48
Першы намеснік старшыні Менгарвыканкама Ігар Васільеў абвінавачваецца ў вымагальніцтве хабару ў памеры $500 тыс.
Чыноўнік быў затрыманы з доказамі злачынства пры атрыманні $250 тыс.
«КДБ спыніў супрацьпраўныя памкненні першага намесніка старшыні Менскага гарадскога выканаўчага камітэта Ігара Васільева, які вымагаў хабар у памеры $500 тыс. у прадстаўнікоў еўрапейскага прадпрыемства-інвестара за спрыяльнае вырашэнне пытання, звязанага з заключэннем інвестыцыйнага дагавора на агульную суму больш за $30 млн.», - паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у сераду в.а. начальніка Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязей КДБ Беларусі Артур Стрэх.
Ён праінфармаваў, што «згодна з пастаўленай перад камерсантамі І.Васільевым умовай, перадача грашовых сродкаў павінна была ажыццяўляцца двума роўнымі часткамі па $250 тыс.».
А.Стрэх паведаміў, што «6 ліпеня 2012 года І.Васільеў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у службовым кабінеце пасля атрымання першай часткі хабару ў памеры $250 тыс.».
«На падставе атрыманых матэрыялаў КДБ у дачыненні да яго распачата крымінальная справа па ч.3 арт.430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры асобай, якая займае адказнае становішча)», - паведаміў прадстаўнік КДБ.
«У ходзе допыту І.Васільеў сваю віну прызнаў цалкам. У дачыненні да чыноўніка ўжытая мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Матэрыялы крымінальнай справы для далейшага расследавання перададзены ў Следчы камітэт», - паведаміў А.Стрэх.