Studio Total рыхтуе афіцыйныя дакументы для беларускіх следчых
- 30.07.2012, 13:57
Беларускія ўлады і КДБ не звярталіся да арганізатараў «плюшавага дэсанта» пасля апублікавання адкрытага ліста аднаго з ініцыятараў акцыі Пера Кромвелла да Лукашэнкі.
Пра гэта Кромвелл паведаміў у інтэрв'ю БелаПАН 30 ліпеня.
«З моманту публікацыі нашай заявы адносна праведзенай акцыі і майго адкрытага ліста Аляксандру Лукашэнке ніхто з прадстаўнікоў беларускай улады ці КДБ не выходзіў з намі на сувязь, не было абсалютна ніякіх кантактаў», - сказаў Пэр Кромвелл.
Паводле яго слоў, цяпер арганізатары «плюшавага дэсанту» разглядаюць магчымасць падрыхтоўкі афіцыйнага дакумента для праваахоўных органаў Беларусі. Гэта абумоўлена тым, што папярэднія заявы Кромвелла і іншых удзельнікаў акцыі, зробленыя ў інтэрнэце або ў СМІ, фактычна не з'яўляюцца афіцыйнымі дакументамі для следства.
Нагадаем, шведскі самалёт перасёк дзяржаўную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня з боку Літвы. Над Івянцом і Менскам былі скінутыя сотні плюшавых медзведзянятаў з дэмакратычнымі лозунгамі. Адказнасць за акцыю ўзялі на сябе прадстаўнікі шведскай піяр-кампаніі Studio Total. Гэтай акцыяй яны хацелі падтрымаць свабоду слова ў Беларусі.
Беларускія ваенныя і памежнікі адмаўлялі факт незаконнага перасячэння мяжы замежным самалётам, пакуль арганізатары акцыі не выклалі ў інтэрнэце відэа, якое пацвярджае дадзены палёт.
Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадскі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў баяздольнасці не толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Была створана камісія пры Лукашэнке, якая занялася праверкай ўсіх злучэнняў і воінскіх часцей Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі.
КДБ расследуе крымінальную справу па факце перасячэння дзяржмяжы. Па неафіцыйнай інфармацыі, абвінавачванні прад'яўленыя двум фігурантам. Адзін з іх - 20-гадовы студэнт Інстытута журналістыкі БДУ Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў. Другі - Сяргей Башарымаў, які займаецца здачай кватэр на кароткі тэрмін і ў якога шведы - удзельнікі акцыі маглі здымаць жыллё.
У дачыненні да Сурапіна распачата справа па частцы 3 артыкула 371 КК, ён абвінавачваецца ў «дапамаганні наўмыснаму незаконнаму перасячэнню мяжы, здзейсненаму арганізаванай групай асоб». Башарымаву нібыта прад'яўлена абвінавачванне ў дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы.
19 ліпеня заснавальнік Studio Total Пер Кромвелл заявіў аб недатычнасці беларускіх грамадзян да «плюшавага дэсанту» і выказаў гатоўнасць прыехаць у выпадку неабходнасці ў Беларусь для дачы паказанняў. У лісце на імя Лукашэнкі ён паведаміў, што інфармацыю пра беларускую СПА, неабходную для палёту, арганізатары акцыі знайшлі ў інтэрнэце на сайце «Вікіпедыі». «Мы абяцаем вам прыехаць і расказаць аб нашай акцыі: як мы ляцелі, як мы абыйшлі сістэму СПА і г.д.», - сказана ў пасланні.
26 ліпеня на нарадзе з кіраўніцтвам Узброеных сіл і Дзяржпамежкамітэтам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што вінаватыя ў інцыдэнце з удзелам шведскага самалёта будуць пакараныя. «Хачу шчыра і адкрыта сказаць тым, хто вельмі цікавіцца гэтым пытаннем: вінаватыя ў гэтым павінны адказваць. З прыняццем рашэнняў, як бачыце, я не спяшаўся па вашай просьбе. Вы хацелі гэты выпадак дасканала расследаваць. На сённяшні дзень, як я бачу, ён расследаваны, і вінаватыя за гэта павінны панесці адказнасць. Максімум ў панядзелак мною будзе прынята рашэнне пасля гэтай нарады, у тым ліку і кадравыя рашэнні», - папярэдзіў дыктатар.