Салігарчан заклікаюць байкатаваць «выбары»
- 30.07.2012, 14:05
Агітацыйныя матэрыялы з заклікам байкатаваць «выбары» у «палату прадстаўнікоў» актыўна распаўсюджваюцца ў Салігорску.
«Наш шлях байкот! Рыхтуем новыя выбары без Лукашэнкі!» - звяртаюцца да жыхароў шахцёрскай сталіцы аўтары ўлётак, піша ПЦ «Вясна».
Паводле інфармацыі салігорскіх праваабаронцаў, байкот «выбараў» падтрымлівае цэлы шэраг палітычных структур рэгіёну. Супраць любога ўдзелу ў «выбарчым фарсе» выказваюцца мясцовыя прадстаўнікі беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, а таксама грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».
Прадстаўнікі апошняй структуры актыўна праводзяць у Салігорску акцыі салідарнасці з палітычнымі зняволенымі і з'яўляюцца распаўсюднікамі ў рэгіёне газеты «Выбар», у якой тлумачыцца сутнасць ідэі байкоту.
Ідэі частковага байкоту прытрымліваюцца прадстаўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, якія будуць вылучаны ў якасці кандыдатаў па двух салігорскіх акругах, але за тыдзень да галасавання здымуць свае кандыдатуры.