Нацыянальныя сцягі на матчы Беларусь-Бразілія паказалі па БТ (Фота)
- 30.07.2012, 14:31
У нядзелю ўсе, хто глядзеў футбольны матч Беларусь-Бразілія па канале «Беларусь-1», змаглі ўбачыць бел-чырвона-белы сцяг у прамым эфіры.
Адразу пасля выканання гімна на трыбунах разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі, якія прыцягнулі ўвагу відэааператараў, якія вялі трансляцыю знакавага матча.
«Салідарнасць» высветліла, што ў кадр з нацыянальнай сімволікай на стадыёне патрапілі беларускія журналісты.
- З самай раніцы, як прыехалі ў Манчэстэр, мы хадзілі з бел-чырвона-белымі сцягамі па горадзе, - распавёў наведаўшы матч Андрэй Аляксандраў. - Пасля без усялякіх праблем зайшлі на стадыён і разгарнулі сцягі ўжо там.
Паводле слоў журналіста, на «Олд Трафард» з нацыянальнай сімволікай прыйшло некалькі кампаній.
Беларускія журналісты Кастусь Лашкевіч і Андрэй Аляксандраў
- Людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі было нямала. Хапала, праўда, беларусаў і з чырвона-зялёнай сімволікай, але яны падыходзілі да нас вітацца, вельмі пазітыўна рэагуючы на нашы сцягі, - распавёў суразмоўца.
Адзначым, што нацыянальная сімволіка была і на папярэднім матчы нашай зборнай з Новай Зеландыяй.