Wikileaks апублікуе перапіску Асада
- 5.07.2012, 15:29
Сайт Wikileaks, вядомы публікацыяй сакрэтнай перапіскі амерыканскіх дыпламатаў, падрыхтаваў да публікацыі 2,4 мільёна электронных лістоў сірыйскіх чыноўнікаў.
Як паведамілі адміністратары сайта, у іх рукі трапілі лісты супрацоўнікаў 680 дзяржаўных устаноў Сірыі, уключаючы палітыкаў, міністраў, звязаных з імі бізнесменаў, дыпламатаў і фінансістаў, перадае Lenta.ru.
У ліку іншага ў архіве ўтрымоўваюцца дакументы аб кантактах сірыйскіх афіцыйных прадстаўнікоў з замежнымі кампаніямі, уключаючы расейскія. Не менш 68 тысяч з агульнай колькасці - на рускай мове.
Публікацыя ўсіх дакументаў расцягнецца на два месяцы і будзе весціся ў супрацоўніцтве з ліванскімі, егіпецкімі, нямецкімі, амерыканскімі, італьянскімі, французскімі і іспанскімі СМІ.
З якой крыніцы сайт атрымаў сакрэтныя дакументы сірыйскіх чыноўнікаў, пакуль не паведамляецца. У сакавіку 2012 года брытанская The Guardian ужо апублікавала абраныя месцы з перапіскі прэзідэнта Сірыі Башара Асада і яго жонкі Асмы.
Як паведамлялася раней, заснавальнік Wikileaks Джуліян Ассанж знаходзіцца ў амбасадзе Эквадора ў Лондане, адкуль пакуль не можа выйсці, асцерагаючыся арышту з боку брытанскай паліцыі.
Паводле афіцыйнай версіі, Ассанжа падазраюць у здзяйсненні шэрага злачынстваў сэксуальнага характара ў Швецыі. Сам ён падазрае, што яго хочуць выдаць Стакгольму, каб потым пераправіць у ЗША, дзе супраць яго заведзена справа аб разгалашэнні сакрэтнай інфармацыі. У сувязі з гэтым Ассанж папрасіў у Эквадора палітычнага сховішча.
Амерыканскі інфарматар Wikileaks - радавы Брэдлі Мэннинг знаходзіцца ў турме. Яго таксама абвінавачваюць у здзяйсненні двух дзясяткаў злачынстваў, уключаючы садзейнічанне ворагу. Па законах ЗША, яму можа пагражаць смяротнае пакаранне.