Еўрапарламент заклікаў да пашырэння санкцый супраць Лукашэнкі
- 5.07.2012, 21:51
Дэпутаты Еўрапарламента прынялі рэзалюцыю па Беларусі.
Дэпутаты заклікаюць дзяржавы-удзельнікі ЕЗ ацаніць эфектыўнасць існуючых абмежавальных мер у дачыненні беларускіх улад, а таксама разгледзець пытанне аб пашырэнні існуючых санкцый за кошт павелічэння спіса грамадзян краіны, у дачыненні якіх будуць уведзены забароны на выдачу віз і замарожванне актываў.
Таксама парламентары асудзілі нядаўні арышт і абвінавачванні супраць журналіста Анджэя Пачобута. Пры гэтым Еўрапарламент вітае вызваленне яго з-пад варты і патрабуе расследаваць гэту справу і зняць абвінавачванні з журналіста.
Рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады спыніць судовы пераслед журналістаў, грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў, паважаць дэмакратычныя прынцыпы.
Еўрапарламент патрабуе, каб еўрапейская дыпламатычная служба тэрмінова ўмяшалася ў справу Мікалая Статкевіча.
Палітолагі лічаць: на практыцы гэта можа азначаць, што ў выпадку, калі да 23 ліпеня не выйдуць на волю палітвязні, то ў выніку канстатавання пагаршэння сітуацыі ў Беларусі еўрапейскія краіны могуць ужыць рэальныя санкцыі.
Прыводзім тэкст праекта рэзалюцыі (пераклад - charter97.org).
Еўрапейскі парламент
1. Рашуча асуджае нядаўні арышт і абвінавачванні, вылучаныя супраць Анджэя Пачобута, журналіста польскай газеты «Gazeta Wyborcza»;
2. Вітае вызваленне Пачобута з-пад варты і патрабуе зняць усе вылучаныя супраць яго абвінавачванні;
3. Выказвае сваю глыбокую заклапочанасць з нагоды пагаршэння сітуацыі з праваабаронцамі ў Беларусі і асуджае кожныя пагрозы ў адрас журналістаў і іншых грамадзян у сувязі з выкарыстаннем імі права на волю выразу меркавання;
4. Заклікае міністраў замежных спраў на чацвёртай сустрэчы «Усходняга партнёрства» 23-24 ліпеня ў Брусэлі разгледзець і абмеркаваць пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку, справу Пачобута;
5. Заклікае спыніць судовы пераслед журналістаў, грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў і адмовіцца ад рэпрэсіўнай палітыкі;
6. Упэўнены ў гэтым кантэксце і з улікам беспрэцэдэнтных рэпрэсій супраць грамадства ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года і іх наступстваў, што справа супраць Пачобута з'яўляецца палітычна матываванай і ўзбуджана для таго, каб перашкодзіць яго законнай дзейнасці ў якасці журналіста і лідара нацменшасці;
7. Выказвае сваю глыбокую заклапочанасць у сувязі з тым, што прысуд, вынесены Пачобуту па аналагічным абвінавачванні, можа быць скасаваны і ён можа быць вернуты ў турму ў любы час па меркаванні ўлад, калі яны вырашаць, што ён ізноў «парушыў закон» пры выкананні сваёй журналісцкай працы; лічыць, што гэта фактычна з'яўляецца адной з формаў запалохвання і спробай прымусіць яго займацца самацэнзурай;
8. Выказвае шкадаванне ў сувязі з тым, што беларускія ўлады робяць немагчымай працу журналістаў шляхам увядзення рэпрэсіўных законаў, накіраваных на прыгнячэнне дзейнасці грамадства і выкарыстання пагрозы крымінальнага пакарання для запалохвання праваабаронцаў і актывістаў;
9. Лічыць, што беларускія ўлады наўмысна злоўжываюць заканадаўствам краіны і міжнароднымі механізмамі;
10. Заклікае беларускія ўлады забяспечыць пры любых абставінах павагу дэмакратычных прынцыпаў, праў чалавека і асноўных свабод у адпаведнасці з Усеагульнай дэкларацыяй праў чалавека і міжнароднымі і рэгіянальнымі дакументамі па правах чалавека, ратыфікаванымі Беларуссю; падкрэслівае, што воля СМІ і воля выразу меркаванняў з'яўляюцца адным з асноўных краевугольных камянёў дэмакратыі, абавязак паважаць якія ўзялі на сябе беларускія ўлады;
11. Настойліва заклікае беларускія ўлады рэфармаваць законы і прывесці беларускае заканадаўства, у прыватнасці, якое датычыцца волі аб'яднанняў і выразу меркаванняў, у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, а таксама выкараніць практыку цэнзуры і самацэнзуры, і ўстрымлівацца ад далейшых злоўжыванняў - такіх, як зняволенне ў турму палітычных апанентаў, пераслед журналістаў і незалежных адвакатаў і ўвядзенне мер па кантролі інтэрнэту;
12. Настойліва заклікае беларускія ўлады скасаваць папраўкі ў шэраг заканадаўчых актаў, прынятых парламентам у кастрычніку 2011 года, якія яшчэ больш абмяжоўваюць волю асацыяцый, сходаў, перакананняў;
13. Настойліва заклікае беларускія ўлады спыніць кароткатэрміновыя адвольныя затрыманні і адвольныя забароны на падарожжы, якія, як уяўляецца, накіраваны на запалохванне праваабаронцаў, СМІ, палітычнай апазіцыі і грамадскіх актывістаў і на стварэнне ім перашкод у выкананні сваёй працы;
14. Лічыць зняволенне Мікалая Статкевіча ў адзінкавую камеру актам рэпрэсій і спробай прымусіць яго падпісаць просьбу аб памілаванні і звяртаецца да Еўрапейскай дыпламатычнай службы з заклікам умяшацца ў яго справу;
15. Заклікае беларускія ўлады неадкладна спыніць усе формы ціску на журналістаў і супрацоўнікаў СМІ і зняць усе абвінавачванні супраць журналістаў, якія трапілі пад пераслед за сваю прафесійную дзейнасць, а таксама прыняць меры па іх рэабілітацыі; заклікае забяспечыць свабоду слова і стварэнне прававых умоў і практыкі, якія спрыяюць эфектыўнай працы СМІ;
16. Падкрэслівае, што кожнае патэнцыйнае ўзаемадзеянне ЕЗ з Беларуссю залежыць ад строгіх умоў і імкнення Беларусі паважаць правы чалавека і вяршэнства закона, што сведчыць з супольнай дэкларацыі Пражскага саміту Усходняга партнёрства ад 7 траўня 2009 года, падпісанай урадам Беларусі;
17. Заклікае Раду і Камісію актывізаваць іх узаемадзеянне з беларускімі грамадскімі арганізацыямі і падтрымліваць кантакты паміж людзьмі;
18. Заклікае тыя дзяржавы-удзельнікі ЕЗ, якія ў наш час з'яўляюцца удзельнікамі Рады ААН па правах чалавека прыкласці ўсе намаганні для таго, каб увесці, прынамсі, на два гады мандат спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі; падкрэслівае, што такі механізм будзе таксама адыгрываць важную ролю ў дакументаванні парушэнняў і кантролі за ажыццяўленнем рэкамендацый, выдадзеных рознымі механізмамі ААН, у прыватнасці, сфармуляваных у апошнім дакладзе Вярхоўнага камісара;
19. Ізноў пацвярджае неабходнасць умацавання адносін і палітычнага дыялогу паміж ЕЗ і яго ўсходнімі суседзямі ў рамках «Усходняга партнёрства» з агульнай мэтай забеспячэння дэмакратычных рэформаў у Рэспубліцы Беларусь;
20. Настойліва заклікае беларускія ўлады працягваць працэс рэфармавання выбарчага заканадаўства і практыкі правядзення выбараў з улікам поўнага набору рэкамендацый БДІПЧ/АБСЕ і Еўрапейскай камісіі для дэмакратыі праз права, а таксама дзейнічаць у адпаведнасці з усімі міжнароднымі дэмакратычнымі нормамі і стандартамі;
21. Заклікае дзяржавы-удзельнікі ацаніць эфектыўнасць існуючых абмежавальных мер у дачыненні Беларусі, а таксама разглядзець пытанне аб пашырэнні існуючых санкцый за кошт павелічэння спіса грамадзян краіны, у дачыненні якіх будуць уведзены забароны на выдачу віз і замарожванне актываў;
22. Даручае свайму Старшыні давесці гэту рэзалюцыю да звесткі віцэ-прэзідэнта Камісіі/Вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі, Рады, Камісіі, урада і парламентаў дзяржаў-удзельнікаў, Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Рады Еўропы, а таксама ўрада і «парламента» Беларусі.