BE RU EN

Суды па скаргах «невыязных» пройдуць 16 ліпеня

  • 6.07.2012, 11:36

Суды па скаргах кіраўніка «Беларускага Хельсінкскага камітэта» Алега Гулака і праваабаронцы Валянціна Стэфановіча на ўключэнне іх у базу невыязных пройдуць 16 ліпеня.

Пра гэта БелаПАН паведаміў Стэфановіч.

Паводле яго словаў, разгляд скаргаў адбудзецца ў судзе Цэнтральнага раёна Менска. «Разглядаць скаргі і маю, і Гулака будзе суддзя Алена Сямак. Ёй спатрэбілася амаль чатыры месяца, каб прызначыць дату разгляду. Паводле заканадаўства, такія справы павінны быць разгледжаны на працягу месяца», — адзначыў праваабаронца.

Разбор па скарзе Гулака прызначана на 11.00, Стэфановіча — на 14.30.

Нагадаем, 13 сакавіка Гулаку была выдадзена даведка пра тое, што з 5 сакавіка яму забаронены выезд з Беларусі. З дакумента вынікала, што Гулаку прад’яўлены грамадзянскі іск у судзе. Аднак пра падобны іск праваабаронца нічога не ведаў, ні адзін суд не інфармаваў яго аб занясенні ў «спісы невыязных».

11 сакавіка пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы ў памежным пераходзе «Каменны Лог» Валянціну Стэфановічу было адмоўлена ў праве выезду з краіны. 13 чэрвеня Стэфановіч атрымаў ліст ад начальніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксея Бегуна, у якім гаварылася, што праваабаронца быў уключаны ў базу невыязных з-за тэхнічнага збою.

Варта адзначыць, што 22 чэрвеня кіраўнік юрыдычнай службы БХК Гары Паганяйла дамогся ў судзе Маскоўскага раёна выключэння яго са спіса людзей, выезд якім за мяжу часова абмежаваны.

Апошнія навіны