BE RU EN

Хілары Клінтан: Расея і Кітай заплацяць за падтрымку рэжыму Асада

  • 6.07.2012, 14:15

Дзяржсакратар ЗША заявіла, што Расея і Кітай павінны быць пакараны за падтрымку рэжыму Башара Асада, адстаўкі якога дамагаюцца паўстанцы, якія падтрымліваюцца сусветнай супольнасцю.

Так рэзка кіраўнік амерыканскага знешнепалітычнага ведамства выказалася 6 ліпеня на сустрэчы «Сяброў Сірыі» у Парыжы, перадае Reuters.

«Я не веру, што Расея і Кітай плацяць якую-небудзь цану за падтрымку рэжыму Асада. Існуе адзіны спосаб змяніць сітуацыю - кожнай прадстаўленай тут дзяржаве прама і тэрмінова заявіць, што Расея і Кітай панясуць адказнасць за свае дзеянні», - адзначыла Хілары Клінтан.

У неафіцыйную міжнародную арганізацыю «Сябры Сірыі» уваходзяць больш за 100 заходніх і арабскіх дзяржаў, якіх не задавальняе тое, што адбываецца ў Сірыі. Расія і КНР ізноў праігнаравалі пасяджэнне краін, якія падтрымліваюць сірыйскіх паўстанцаў.

Дзяржавы-ўдзельніцы сённяшняй сустрэчы «Сяброў Сірыі» сёння павінны заклікаць сірыйскі ўрад выконваць ухваленую ААН «дарожную карту» па ўрэгуляванні сітуацыі ў краіне. Як паведаміў міністр замежных спраў Францыі Ларан Фабіус, адной з галоўных тэм сустрэчы стане абсталяванне сірыйскай апазіцыі сродкамі камунікацыі, а таксама ўвядзенне новых санкцый супраць краіны і разгляд эфектыўнасці ўжо існуючых.

У Сірыі з сакавіка 2011 года працягваецца супрацьстаянне улад і апазіцыі. Сірыйская апазіцыя патрабуе адстаўкі прэзідэнта краіны Башара Асада, абвінавачваючы ўрадавыя сілы ў масавых зверствах ў адносінах да мірнага насельніцтва. Афіцыйны Дамаск сцвярджае, што пад прыкрыццём дэмакратычных лозунгаў у краіне варочаюць «банды узброеных тэрарыстаў», якія падтрымліваюцца замежнымі радыкальнымі групоўкамі ісламістаў. З 12 красавіка 2012 года ў Сірыі дзейнічае рэжым перамір'я. Аднак у краіне працягваюцца асобныя сутыкненні і тэрарыстычныя акты. Паводле апошніх ацэнак ААН, за час канфлікту ў Сірыі загінулі ўжо больш за 9 тыс. грамадзянскіх асоб.

Апошнія навіны