Пракуратура вынесла папярэджанне журналістке «Белсата»
- 10.08.2012, 12:31
Гэта ўжо восьмае папярэджанне пракуратуры незалежным журналістам за гэты год.
У пятніцу журналістку Таццяну Белашову выклікалі ў Менскую гарадскую пракуратуру ў сувязі з праверкай дзейнасці тэлеканала «Белсат», паведамляе прэс-служба БАЖ.
Пракурор Зміцер Пастаялка прыгадаў Белашовай яе затрыманне ў Парку Горкага ў Менску 1 чэрвеня падчас падрыхтоўкі відэасюжэта. Паводле пракуратуры, здымкі, зробленыя Таццянай, выйшлі ў эфір «Белсата».
У сувязі з гэтым Таццяне было вынесена папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона «Аб сродках масавай інфармацыі», у прыватнасці, працы без акрэдытацыі на карысць польскага тэлеканала. Папярэджанне было ўручана журналістцы за подпісам намесніка пракурора г.Менска Казіміра Кежуна.
Сама Таццяна распавяла прэс-службе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», што не лічыць сябе вінаватай, і таму адмовілася падпісваць уручанае ёй пракурорскае папярэджанне.
Нагадаем, што цягам бягучага году падобныя пракурорскія папярэджанні былі вынесеныя цэламу шэрагу незалежных журналістаў, а ў чэрвені Следчы камітэт Беларусі афіцыйна заявіў пра пачатак праверкі дзейнасці «Белсата».
Пісьмовыя папярэджанні пракуратуры за 2012 год:
1. Аліна Радачынская (Менск, 28 сакавіка)
2. Вольга Чайчыц (Менск, 28 сакавіка)
3. Зміцер Краўчук (Менск, 22 сакавіка)
4. Зміцер Кісель (Брэст, 19 сакавіка, але датавана 27-м лютага)
5. Гражына Шалкевіч (Гродна, 27 лютага)
6. Аляксандр Дзянісаў (Гродна) -21 лютага
7. Віктар Парфёненка (Гродна) – 21 лютага
8. Мікола Дзятчэня (Гродна) – 16 лютага
Вусныя папярэджанні КДБ:
1. Гражына Шалкевіч (Гродна, 30 студзеня)
2. Яўген Парчынскі (Полацк, 22 лютага)
3. Андрэй Мялешка (Гродна, 28 лютага)
4. Анатоль Санаценка (Бабруйск, 5 красавіка)