Пер Кромвел пагаворыць з КДБ
- 13.08.2012, 16:22
Пасля размовы ён паведаміць аб адказе на павесткі, высланыя шведам па электроннай пошце.
Пер Кромвел, кіраўнік шведскай кампаніі Studio Total, якая арганізавала «плюшавы дэсант» у Беларусі 4 ліпеня, пацвердзіў «Радыё Свабода», што ён і яго калегі атрымалі павесткі ад КДБ з прапановай з'явіцца ў Менску для следчых дзеянняў.
Пер Кромвел сказаў, што «сёння ці заўтра» яны дадуць свой адказ - пасля таго, як паразмаўляюць з супрацоўнікамі КДБ.
Нагадаем, 2 жніўня беларускі КДБ накіраваў падданым Каралеўства Швецыя Перу Кромвелу, Томасу Мазэцці і Ханне-Ліне Фрэй афіцыйныя павесткі, якія прадпісваюць ім з'явіцца для допыту да следчага.
Самі павесткі пераведзены на англійскую мову і апублікаваныя на афіцыйным сайце КДБ. У іх гаворыцца, што арганізатары і выканаўцы «плюшавага дэсанта» павінны з'явіцца для правядзення следчых дзеянняў у 10-дзённы тэрмін. Пры сабе неабходна мець пашпарт альбо іншы дакумент, які сведчыць асобу а пра час прыезду трэба паведаміць КДБ загадзя.
Пазначаныя ў павестках і санкцыі, якія могуць быць ужытыя да шведскіх грамадзян у выпадку іх няяўкі. Згодна з артыкулам 402 Крымінальнага Кодэкса Беларусі, за гэта ім пагражае пакаранне аж да 6 месяцаў пазбаўлення волі.