BE RU EN

Бяляцкі: «Тушонку з'елі, а начальнік пакуль не прыехаў»

  • 13.08.2012, 16:24

У калоніі палітвязня чакаюць прыезду высокага начальніка з Менска.

Праваабаронца Тацяна Равяка распавяла пра змест апошняга ліста, які яна атрымала на днях ад палітвязня Алеся Бяляцкага, перадае «Радыё Свабода».

«Ён піша, што ў калоніі чакаецца прыезд нейкага высокага начальніка з Менска. З-за гэтага ўсіх зняволеных пачалі ўзмоцнена карміць кашай з тушонкай. Тушонку ўжо з'елі, а начальнік пакуль не прыехаў», - падзялілася праваабаронца.

«І хоць Алесь піша пра гэта з гумарам, відаць, што гэта нейкі знак таго, што падзеі вакол яго адбываюцца. Алесь не ўдакладняе, што гэты начальнік будзе займацца пытаннямі амністыі. Але паколькі такія звесткі маюцца, то мы можам лічыць, што гэты прыезд магчыма звязаны таксама і са справай Алеся Бяляцкага», - кажа Таццяна Равяка.

«Мы бачым, што адносна Алеся адбываюцца новыя дзеянні, якія дазваляюць запісваць яго ўсё далей і далей у статус злоснага парушальніка рэжыму. Гэта, вядома, вельмі непрыемна, таму што пазбаўляе надзеі на тыя магчымасці, на якія можна разлічваць сёння (напрыклад, закон аб амністыі, перадачы, сродкі, якія можна выдаткаваць у турэмнай краме, спаткання з роднымі). Але Алесь ўсяго гэтага пазбаўляецца. Відавочна, што ўлады хочуць яго ізаляваць ад жыцця», - адзначыла праваабаронца.

«Дарэчы, у сваім апошнім лісце Бяляцкі як раз і піша, што жыццё яго становіцца ўсё больш і больш віртуальным. Пасля 4 жніўня мінулага года там засталося зусім іншае жыццё. А тое, што цяпер з ім адбываецца, - гэта нейкі віртуальны свет, да якога ён прывык і ў якім навучыўся жыць», - падкрэсліла Таццяна Равяка.

Нагадаем, кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 гады турмы ў лістападзе мінулага года. Яго прызналі вінаватым у нявыплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на яго рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасць. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя аб банкаўскіх рахунках, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Апошнія навіны