BE RU EN

Шведскі бізнес баіцца помсты за «плюшавы дэсант»

  • 14.08.2012, 12:47

Бізнесмены са Швецыі асцерагаюцца, што ўлады Беларусі будуць помсціць за «плюшавы дэсант» не толькі шведскім дыпламатам, але і бізнэсу.

У Беларусі вядуць бізнэс каля трох дзесяткаў кампаній, у статутным фондзе якіх ёсць шведскі капітал. Амаль усе з іх - сусветныя гіганты (АВВ, Ікеа, Волво, Тэтрапак і г.д.).

Разрыў адносін з імі пагражае для беларускага бюджэту вялікімі стратамі, што дае ім падставы адчуваць сябе ў адноснай бяспеке ў Беларусі. Аднак у нашай краіне працуюць і невялікія шведскія кампаніі, якіх абвастрэнне шведска-беларускіх адносін напалохала не на жарт.

«У нас ёсць такія асцярогі, таму мы б не хацелі прыцягваць да сябе залішняй увагі. Спадзяемся, што гэты канфлікт у бліжэйшы час вырашыцца», - паведаміла «Белорусскому партизану» супрацоўніца адной са шведска-беларускіх кампаній у адказ на пытанне аб тым, не ці баяцца яны помсты беларускіх улад за «плюшавы дэсант», папрасіўшы не спасылацца на іх кампанію .

Падобныя адказы журналісты пачулі і ў іншых шведскіх кампаніях, якія працуюць у Беларусі.

Нагадаем, 4 ліпеня беларускую мяжу незаўважна для СПА перасёк лёгкаматорны шведскі самалёт. Над Івянцом і ўскраінамі Менска з яго былі скінутыя плюшавыя мядзведзі з плакатамі ў падтрымку свабоды слова ў Беларусі. Улады Беларусі не прызнавалі факту палёта да 26 ліпеня, заяўляючы, што «вядзецца праверка». Тым часам былі затрыманыя фатограф Антон Сурапін, які выклаў у інтэрнэце фота плюшавых мядзведзяў, знойдзеных пад Івянцом, а таксама рыэлтар Сяргей Башарымаў, які ў Менску здаваў шведам кватэру. 3 жніўня з краіны быў высланы амбсадар Швецыі Стэфан Эрыксан. Неўзабаве пасля гэтага беларускія ўлады прынялі рашэнне адклікаць сваю амбасаду з гэтай скандынаўскай краіны і настойліва рэкамендавалі зрабіць тое ж самае і ўладам Швецыі.

Апошнія навіны