Лаўроў прыляцеў абмеркаваць правал беларускай СПА?
- 14.08.2012, 14:41
Кіраўніка МЗС Расеі цікавіць пытанне бяспекі паветранай прасторы «саюзнай дзяржавы».
Палітолаг, супрацоўнік Беларускага цэнтра еўрапейскіх даследаванняў Павел Усаў пракаментаваў сайту charter97.org візіт кіраўніка расейскага міністэрства замежных спраў Сяргея Лаўрова ў Беларусь.
«Лаўроў прыляцеў абмеркаваць далейшую інтэграцыю Беларусі і Расеі, а таксама пытанне выбудоўвання сумеснай стратэгіі бяспекі ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі. Яшчэ адна з мэтаў візіту кіраўніка МЗС Расеі - разгляд пытання аб размяшчэнні расейскай сістэмы СРА на тэрыторыі Беларусі», - лічыць палітолаг.
«Нядаўна прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі заявіў, што Польшча павінна развіваць сваю сістэму СРА. Падліла алею ў агонь і акцыя шведаў, якія перасяклі беларускую мяжу на лёгкаматорным самалёце. Таму на сустрэчы Лаўрова з Мартынавым і Лукашэнкам будуць абмяркоўвацца пытанні бяспекі паветранай прасторы», - адзначыў Павел Усаў.
«Але ў асноўным гаворка пойдзе аб міжнароднай палітыке, у першую чаргу гэта абмеркаванне сітуацыі ў Сірыі. У Расеі не так шмат саюзнікаў у сірыйскім пытанні. ЕЗ і ЗША хочуць зрабіць больш жорсткімі рэзалюцыі па Сірыі і ўвесці эмбарга. Расея і Кітай блакуюць гэтыя рэзалюцыі. Сірыя - найважнейшы стратэгічны партнёр Беларусі. Беларусь прымала ўдзел у пастаўках зброі гэтай краіне, і Лукашэнка не раз падкрэсліваў, што Башар Асад яго сябар і партнёр», - распавёў палітолаг.
Нагадаем, сёння кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў адпраўляецца з візітам у Беларусь. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у ходзе візіту Сяргей Лаўроў правядзе перамовы са сваім беларускім калегам Сяргеем Мартынавым, «Мяркуецца правесці паглыблены абмен думкамі па актуальных міжнародных праблемах, уключаючы пытанні забеспячэння рэгіянальнай і еўрапейскай бяспекі. Плануецца таксама абмеркаваць магчымасці далейшага пашырэння і паглыблення ўзаемадзеяння ў рамках інтэграцыйных структур на прасторы СНД, перш за ўсё, «саюзнай дзяржавы», Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, АДКБ».