BE RU EN

Мінабароны прызнала «плюшавы дэсант» праз месяц

  • 15.08.2012, 8:22

Міністэрства абароны Беларусі, нарэшце, афіцыйна прызнала факт перасячэння мяжы шведскім самалётам.

«На працягу ліпеня 2012 года праведзена праверка інфармацыі аб несанкцыянаваным палёце над тэрыторыяй Беларусі шведскага самалёта, а таксама расследаванне інцыдэнту. Адноўлены ўсе дэталі таго, што адбылося, выяўлены канкрэтныя абставіны незаконнага перасячэння Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь арганізаванай групай асоб», - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Мінабароны.

У цяперашні час, па словах прэс-службы, праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па павышэнню гатоўнасці ВПС і войскаў СПА да рэагавання на падобныя інцыдэнты.

Для гэтага павялічылася інтэнсіўнасць палётаў ваеннай авіяцыі. Перадавыя падраздзяленні зенітных ракетных войскаў Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войскаў СПА прыбылі на палігоны Расеі для правядзення аператыўна-тактычных вучэнняў з баявой стральбой.

Нагадаем, лёгкаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total несанкцыянавана перасёк паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ускраінай Менска больш за 800 плюшавых медзведзянятаў з цыдулкамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

Вайскоўцы, як і памежнікі, з самага пачатку казалі, што ніякага парушэння мяжы зафіксавана не было.

Раніцай 5 ліпеня ў Міністэрстве абароны заявілі, што фактаў, якія пацвярджаюць перасячэнне дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы, няма. «Даследуючы прадастаўленыя фота- і відэаматэрыялы, эксперты выявілі грубую працу з выкарыстаннем элементаў візуальнай фальсіфікацыі, што сведчыць аб відавочна правакацыйным характары падавання інфармацыі», - гаварылася ў паведамленні прэс-службы ваеннага ведамства.

Нагадаем таксама, што 31 ліпеня за «неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнню нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» Аляксандр Лукашэнка зняў з пасад кіраўніка Дзяржпамежкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёра Зміцера Пахмелкіна.

Апошнія навіны