BE RU EN

Мілінкевіч прадставіў сваю «Народную праграму»

  • 15.08.2012, 15:49

Яе прэзентацыя прайшла ў Менску 15 жніўня.

Праграма, распрацаваная рухам «За Свабоду» пры ўдзеле экспертаў, змяшчае прапановы аб рэфармаванні грамадскай, эканамічнай і палітычнай сістэмы Беларусі. Праца над праграмай пачалася перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года, а найбольш актыўная фаза прыйшлася на крызісны 2011 год. Як сцвярджаюць яе распрацоўшчыкі, да працы над «Народнай праграмай» прыцягнулі каля 40 беларускіх экспертаў у розных сферах, піша БелаПАН.

Намеснік старшыні партыі БНФ Ігар Лялькоў падчас прэзентацыі заявіў, што праца над пакетам рэформаў не павінна спыняцца, і «Народную праграму» варта распрацоўваць «з прыцэлам на прэзідэнцкія выбары».

«Я думаю, усім вядома, што антаганістычных і процілеглых поглядаў у большасці сваёй у апазіцыі не існуе. Ідэйная база для аб'яднання ёсць, і ёсць яна ўжо досыць даўно. Пытанняў, якія перашкаджаюць аб'яднанню, па сутнасці, два - гэта пытанне амбіцый асобных лідэраў і наяўнасць такога праграмнага дакумента, пад якім маглі б падпісацца ўсе, які не супярэчыць праграмным палажэнням розных дэмакратычных арганізацый і партый», - сказаў Лялькоў.

Палітык упэўнены, што пад «Народнай праграмай» падпішуцца ўсе дэмакратычныя партыі.

Паводле слоў эканаміста Сяргея Чалага, які прымаў удзел у распрацоўке дакумента, «у праграме няма нічога асабліва новага, але, пры гэтым, калі пачаць яе рэалізоўваць, то можна будзе пабудаваць эфектыўную эканоміку менш чым праз 10 год».

Апошнія навіны