ПА АБСЕ паставіла беларускага дыктатара на месца
- 15.08.2012, 16:20
Мяняць кіраўніка місіі назіральнікаў Асамблея не збіраецца.
Старшыня камітэта па правах чалавека Парламенцкай асамблеі АБСЕ Матэа Мекачы - менавіта той чалавек, які патрэбны для працы кіраўніка місіі назіральнікаў за «выбарамі» у Беларусі. Так пракаментаваў сённяшняе выказванне Аляксандра Лукашэнкі кіраўнік прэс-службы ПА АБСЕ Ніл Сайман, перадае БелаПАН.
15 жніўня на сустрэчы з міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым, які знаходзіцца ў Менску, Лукашэнка выказаў незадаволенасць кандыдатурай кіраўніка місіі ад ПА АБСЕ. «Думаю, што маглі б знайсці больш дасведчанага чалавека ў частцы Беларусі і сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Мы ўважліва зараз вывучаем усе гэтыя пазіцыі і, вядома ж, будзем адпаведным чынам рэагаваць», - сказаў Лукашэнка.
Ніл Сайман у сваю чаргу заявіў: «Матэа Мекачы на працягу некаторага часу назіраў за развіццём падзей у Беларусі, і ён - менавіта той чалавек, які патрэбен для таго, каб узначаліць місію назіральнікаў і данесці пазіцыю ПА АБСЕ адносна парламенцкіх выбараў у Беларусі».
«Мы прызначылі Матэа Мекачы на гэтую важную місію па прапанове прэзідэнта Парламенцкай асамблеі АБСЕ Рыкарда Мільёры», - дадаў ён.
Пра тое, што місію па назіранні за «парламенцкімі выбарамі» у Беларусі ад ПА АБСЕ ўзначаліць італьянец Матэа Мекачы, стала вядома каля месяца таму.
20 ліпеня прэс-служба ПА АБСЕ распаўсюдзіла заяву Мекачы. «Мы пачынаем гэтую місію па назіранні за выбарамі з адкрытым сэрцам, працягваючы руку нашым сябрам з Беларусі, - сказаў ён. - Мы вельмі спадзяемся ўбачыць значныя пазітыўныя зрухі ў параўнанні з мінулымі выбарамі, і што ўсе, уключаючы і тых, хто зараз знаходзіцца пад хатнім арыштам або ў турме, атрымаюць магчымасць свабодна і без абмежаванняў прыняць удзел у парламенцкіх выбарах».
Матэа Мекачы не раз выступаў з крытыкай у адрас афіцыйнага Менска. Так, на нарадзе па чалавечым вымярэнні ў Варшаве ў верасні 2011 года ён заклікаў беларускія ўлады вызваліць усіх вязняў сумлення. Мекачы звярнуў увагу на шматлікія праблемы з правамі чалавека ў Беларусі, уключаючы свабоду СМІ, свабоду сходаў, справядлівыя выбары і смяротнае пакаранне.
Чакаецца, што назіральнікі ад АБСЕ прыбудуць у Менск 21 жніўня.