BE RU EN

Сваякі палітвязняў: Іх ламаюць псіхалагічна

  • 15.08.2012, 17:23

Палітвязень Аляксандр Францкевіч выйшаў з ШЫЗА, дзе адбываў пакаранне ў 10 сутак за адмову прыбіраць тэрыторыю.

Маці палітвязня Таццяна Францкевіч лічыць, што такім чынам адміністрацыя дамагаецца ад яго прашэння аб памілаванні, але не верыць, што гэта стане падставай для вызвалення сына. Пасля 16 сутак адбывання пакарання выйшаў з ШЫЗА палітвязень Сяргей Каваленка. Яго жонка Алена лічыць, што ад Сяргея дамагаюцца прызнання віны. Прашэнне аб памілаванні ён напісаў раней, але яго не вызвалілі, перадае «Радыё Свабода».

«Ведаю, што выйшаў з ШЫЗА са слоў супрацоўнікаў калоніі - нічога дакладна не ведаю. Ведаю, што яго пачалі прэсаваць і ў карцэр кінулі невядома за што на такі доўгі тэрмін, і гэта для адміністрацыі ганаровая справа - падмануць. Ён хацеў дадому хутчэй, тым больш, што абяцалі ці ледзь не да 3 ліпеня вызваліць, але ўсім вядомыя іх «абяцанні». Тады ён і напісаў гэты радок аб памілаванні, а потым ужо ад яго пачалі патрабаваць прызнання віны. Сяргей адмовіўся адназначна і сказаў, што ніколі пісаць гэтага не будзе, таму што не адчувае за сабой ніякай віны і яе няма. Ім трэба цалкам растаптаць чалавека - тады магчыма і так - яны адпусцяць. А так - асаблівых ілюзій на гэты конт у мяне няма», - сказала Алена Каваленка.

Таццяна Францкевіч распавяла, што на сына ціснуць з мэтай выбіць прашэнне аб памілаванні:

«Усё пачалося пасля таго, як у калонію пачаў прыязджаць Літвінскі - той следчы, які арыштоўваў хлопцаў. Таму, я думаю, ідзе спецыяльны ціск, каб зламаць, каб яны самі напісалі просьбы. А калі не напішуць, то могуць зрабіць так, як са Зміцерам Дашкевічам: зробяць злоснымі парушальнікамі. Сырамалотаў напісаў, але яго да гэтага часу трымаюць. Каваленка таксама напісаў прашэнне аб памілаванні, а яго кінулі ў ШЫЗА - нібыта за нейкую правіннасць. Проста ўсё больш і больш закручваюць гайкі ў дачыненні да ўсіх нашых 14 хлопцаў, і так усё мацней спрабуюць ціснуць. Я не думаю, што калі яны і напішуць такія просьбы, то іх адразу адпусцяць. Магчыма, што падвернецца нейкі выпадак, як з Саннікавым або Бандарэнкай. А потым скажуць, маўляў, вось мы выпусцілі зняволеных і выканалі ўмовы. Тое ж самае будзе і з гэтымі двума хлопцамі, якія напісалі - падвернецца выпадак - выпусцяць, каб сказаць, што, маўляў, вось мы зрабілі шырокі жэст, зрабілі крок насустрач і выпусцілі палітвязняў. Таго ж, напэўна, дамагаюцца і ад астатніх, каб яны напісалі, а потым пры выпадку будуць гандляваць імі».

Апошнія навіны