BE RU EN

Літва не верыць беларускаму КДБ

  • 16.08.2012, 17:32

Вільнюс не прадаставіць Менску дадзеныя аб «шведскім дэсанце», калі ўбачыць палітычныя матывы ва ўзбуджаных крымінальных справах.

Пра гэта «Еўрарадыё» паведаміў старшыня Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Сейма Літвы Арвідас Анушаўскас.

Паводле яго слоў, літоўскія палітыкі ўлічылі негатыўны вопыт, атрыманы ў справе Алеся Бяляцкага.

Крымінальная справа ў дачыненні да беларускага праваабаронцы была ўзбуджана па звестках, атрыманых ад Літвы. Зараз свае высновы па падобных запытах павінны даць адразу некалькі інстытутаў.

«У гэтым выпадку, я думаю, таксама будзе ўлічвацца тое, што ў сувязі з гэтым інцыдэнтам былі затрыманыя некалькі чалавек. Нягледзячы на тое, што шведскія пілоты і тая арганізацыя, якая арганізавала гэты палёт, хоць які-небудзь удзел грамадзян Беларусі ў гэтай акцыі адмаўляюць. Таму, калі нашы інстытуты ўбачаць любыя палітычныя матывы ва ўзбуджаных крымінальных справах, то інфармацыя можа і не быць прадастаўлена», - кажа Арвідас Анушаускас.

Нагадаем, 4 ліпеня беларускую мяжу незаўважна для СПА перасёк лёгкаматорны шведскі самалёт. Над Івянцом і ўскраінамі Менска з яго былі скінутыя плюшавыя мядзведзі з плакатамі ў падтрымку свабоды слова ў Беларусі. Па факце незаконнага перасячэння мяжы КДБ узбудзіў крымінальную справу па ч. 3 арт. 371 КК. Па падазрэнні ў дапамаганні ў здзяйсненні паказанага злачынства былі затрыманыя грамадзяне Беларусі Антон Сурапін і Сяргей Башарымаў, якім прад'яўленае абвінавачванне па ч. 6 арт. 16 (дапамога ў здзяйсненні злачынства) і ч. 3 арт. 371 (незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь) КК.

КДБ Беларусі выслаў павесткі шведскім пілотам для дачы паказанняў у Менску ў якасці падазраваных і звярнуўся да Літвы з просьбай аказаць прававую дапамогу ў расследаванні справы аб парушэнні беларускай мяжы лёгкаматорным самалётам.

Апошнія навіны