Наста Палажанка: «Дзень нараджэння па традыцыі сустракаю ў турме»
- 2.08.2012, 11:58
Нявеста палітвязня Зміцера Дашкевіча, намеснік старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка адзначае 2 жніўня свой 22-і дзень нараджэння.
З дзяцінства Наста памятае, што ў гэты дзень ніколі не магла павесяліцца ў фантане, бо ўсе яны былі занятыя дэсантнікамі, у якіх 2 жніўня сваё свята.
- У апошні час па традыцыі я адзначаю гэты дзень у турме, - распавяла Наста Палажанка у гутарцы з карэспандэнтам «Салiдарнасцi».
Наш званок застаў імянінніцу ў дарозе. Наста разам з адвакатам едзе ў калонію да Зміцера Дашкевіча. Віншавальную паштоўку ад каханага дзяўчына ўжо атрымала.
- На паштоўцы намалявана кветка. Зміцер спадзяецца ў наступным годзе падарыць мне сапраўдны букет.
З днём нараджэння з самай раніцы Насту павіншавалі сябры з «Маладога фронту», а таксама Аляксандр Фядута і Уладзімір Някляеў.
На днях Наста Палажанка была знятая з міліцэйскага ўліку з прычыны пагашэння судзімасці.
Нагадаем, Наста Палажанка была арыштаваная пасля акцыі 19 снежня 2010 года. Яе абвінавацілі ў «арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках». 20 траўня 2011 года дзяўчыну асудзілі на 1 год умоўна.
- На працягу года мне забаронена ўдзельнічаць у выбарах, набываць зброю і ўсынаўляць дзяцей, - усміхаецца Наста.