BE RU EN

МЗС Кыргызстана накіраваў ноту беларускаму амбасадару

  • 21.08.2012, 15:45

У Кыргызстане запатрабавалі затрымаць брата Курманбека Бакіева Жаныша, які хаваецца ў Менску.

Міністэрства замежных спраў Кыргызскай Рэспублікі накіравала беларускім калегам вербальную ноту «аб прыняцці вычарпальных мер па больш хуткаму затрыманню грамадзяніна Бакіева Жаныша Саліевіча і наступнай яго экстрадыцыі ў Кыргызскую Рэспубліку». Ноту з такім пасланнем перадалі амбасадару Беларусі ў Кыргызскай Рэспубліцы. Пра гэта паведамляе Упраўленне інфармацыі, друку і культуры Міністэрства замежных спраў Кыргызскай Рэспублікі, перадае «Вечерний Бишкек».

Інфармацыя аб знаходжанні брата былога кіраўніка Кыргызстана ў Менску з'явілася ў СМІ 20 жніўня. Пацвярджэннем сталі апублікаваныя фотаздымкі, зробленыя актывістам беларускай апазіцыі Міхаілам Пашкевічам.

Паведамляецца, што нота была перададзеная амбасадару Рэспублікі Беларусь у Кыргызскай Рэспубліцы В. Дзенісенка намеснікам міністра замежных спраў Кыргызстана А. Бяшымавым 21 жніўня.

Нагадаем, былы кіраўнік Кыргызстана Курманбек Бакіеў і яго брат Жаныбек (Жаныш) Бакіеў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД і ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола. Яны абвінавачваюцца па артыкулах крымінальнага кодэксу ў саўдзеле ў масавых забойствах. Кыргызскі кіраўнік з сям'ёй хаваецца ў Беларусі з красавіка 2010 года. Яшчэ ў жніўні 2010 года Курманбеку Бакіеву быў выдадзены пашпарт грамадзяніна Беларусі, а ў гэтым годзе ён набыў дом за 2 млн даляраў на ўскраіне Менска.

Апошнія навіны