BE RU EN

Мастацкі кіраўнік Dankoff Club затрыманы за арганізацыю «прытона»

  • 25.08.2012, 23:06

(абноўлена) Мастацкі кіраўнік Dankoff Club затрыманы па падазрэнні ў стварэнні ўмоў для занятку прастытуцыяй.

Следчым камітэтам, па матэрыялах ГУБАЗ МУС, распачата крымінальная справа ў дачыненні да мастацкага кіраўніка і адміністратара ТАА «Dankoff Club», паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта.

«З матэрыялаў крымінальнай справы вынікае, што падазраваныя, у перыяд з 2006 года па цяперашні час, па месцы працы выкарыстоўвалі заняткі прастытуцыяй у карыслівых мэтах, а таксама прадастаўлялі памяшканні для занятку прастытуцыяй», - адзначылі ў АІСГ.

У Следчым камітэце праінфармавалі, што дзеянні службовых асоб кваліфікаваныя па ч. 2 арт.171 КК Беларусі - «выкарыстанне занятку прастытуцыяй ці стварэнне ўмоў для занятку прастытуцыяй, учыненыя службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў».

Следчымі праведзены агляды і ператрусы па месцы жыхарства і працы падазраваных, дапытаныя сведкі. Мастацкі кіраўнік ТАА «Dankoff Club» затрыманы ў парадку арт.108 КПК. Праводзіцца далейшае расследаванне, паведамілі ў АІСГ СК.

Як паведамляў у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» Вячаслаў Дзіянаў, імя затрыманага - Аляксей Ксяневіч. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА.

Нагадаем, 24 жніўня ў менскі Dankoff Club прыехалі супрацоўнікі міліцыі ў масках.

Па словах відавочцы падзеі, установа не працавала, а ва ўсіх тых кліентаў, якія прыходзілі ў клуб, перапісалі пашпартныя дадзеныя. Каля ўваходу ў Dankoff Club і ў яго холе знаходзіліся людзі ў форме спецназа. На галовах - маскі з прарэзамі для вачэй. Вакол клуба было заўважана некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў праваахоўных органаў у цывільным адзенні. А недалёка ад установы быў прыпаркаваны зялёны закратаваны спецназаўскі фургон МАЗ.

Журналісты тады змаглі датэлефанавацца ўладальніку клуба - вядомаму беларускаму бізнэсмену Юрыю Данькову. Той пацвердзіў факт «маскі-шоў» у сваёй установе і заявіў, што гэта - усяго толькі звычайная рэйдавая праверка, якіх за ўсю гісторыю клуба было ўжо нямала.

Апошнія навіны