Бішкек усё яшчэ спадзяецца на выдачу брата Бакіева
- 27.08.2012, 10:58
Кыргызстан разлічвае, што Беларусь прыме меры па затрыманню і экстрадыцыі Жаныбека Бакіева ў Бішкек.
Аб гэтым заявіў Часовы Павераны ў справах Кыргызстана ў Беларусі Дзмітрый Лі.
«Кыргызскі бок выказвае надзею, што беларускім бокам усё ж такі будуць прыняты вычарпальныя меры па неадкладнаму затрыманню і экстрадыцыі Жаныбека Бакіева ў Кыргызскую Рэспубліку, у рамках дзеючых міжнародных дамоў, удзельнікамі якіх з'яўляюцца як Кыргызстан, так і Рэспубліка Беларусь», - паведаміў дыпламат журналістам у панядзелак у Менску.
Дз.Лі сказаў, што, каб пазбегнуць розных інтэрпрэтацый, ён упаўнаважаны заявіць, што 24 жніўня бягучага года Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Кыргызстана ў Беларусі Эрык Асаналіеў адкліканы ў Бішкек для правядзення кансультацый у сувязі з сітуацыяй, якая датычыцца знаходжання Ж.Бакіева на тэрыторыі Беларусі. «Дадзеная мера прынята ў сувязі з адсутнасцю рэакцыі кампетэнтных органаў беларускага боку на вербальную ноту ад 21 жніўня і заяву МЗС Кыргызстана ад 22 жніўня, адносна знаходжання грамадзяніна Кыргызскай Рэспублікі Ж.Бакіева на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, які адшукваецца праваахоўнымі органамі Кыргызстана і Інтэрполам за здзейсненыя раней асабліва цяжкія крымінальныя злачынствы», - заявіў Часовы Павераны.
На пытанне агенцтва «Інтэрфакс-Захад» аб тым, калі амбасадар Кыргызстана зможа вярнуцца ў Менск, Дз.Лі адказаў, што «гэта будзе залежаць ад беларускага боку».
Нагадаем, былы кіраўнік Кыргызстана Курманбек Бакіеў і яго брат Жаныбек Бакіеў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД і ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола. Яны абвінавачваюцца па артыкулах крымінальнага кодэксу ў саўдзеле ў масавых забойствах. Кыргызскі кіраўнік з сям'ёй хаваецца ў Беларусі з красавіка 2010 года. Яшчэ ў жніўні 2010 года Курманбеку Бакіеву быў выдадзены пашпарт грамадзяніна Беларусі, а ў гэтым годзе ён набыў дом за 2 млн даляраў на ўскраіне Менска.