Аляксандр Мех: Калі ты назіраеш за чымсьці, ты сам удзельнічаеш у гэтым фарсе
- 27.08.2012, 11:23
Людзям гэтыя «выбары» ўвогуле нецікавыя, лічыць дэмакратычны актывіст.
Актывіст з Кобрына Аляксандр Мех распавёў сайту charter97.org пра сітуацыю ў сваім горадзе.
- Якая атмасфера цяпер пануе ў Кобрыне?
- Спакойная. Людзі ў мяне запытваюцца, хто ідзе на гэтыя «выбары». Але я ім адказваю, што «выбары» мяне ўвогуле не цікавяць. Я заявіў пра сваю пазіцыю яшчэ раней, што ў гульнях гэтай улады не ўдзельнічаю. Пакуль не будзе сапраўдных выбараў. І самае галоўнае, на сённяшні момант у нашай краіне знаходзяцца палітвязні. І пакуль апошні палітвязень не будзе вызвалены, удзел у розных мерапрыемствах, якія праводзіць гэта ўлада - амаральнае дзеянне. Людзям гэтыя «выбары» ўвогуле нецікавыя. Але яны хочуць мець інфармацыю, якую не могуць атрымаць са СМІ, з мясцовай прэсы. Гэта я да таго вяду, што ніякай інфармацыі пра «выбары» няма.
- Дык вы хочаце сказаць, што ўлада сама байкатуе гэтыя «выбары»?
- Улада вырашыла правесці гэтыя «выбары» ціха, ціха, ціха…
- Актывістам Кобрына ўдалося згуртавацца вакол нейкай адной ідэі?
- Людзі, якія маюць сумленне, згуртаваліся вакол ідэі байкоту. Яны ходзяць і тлумачаць суседзям, калегам, родным, што на гэтыя «выбары» ісці нельга. І я б назваў гэта не байкотам, а няўдзелам у мерапрыемствах, што праводзіць улада для сваёй легітымізацыі.
- У малым горадзе актывістаў часцяком пераследуюць, а што чуваць у вас?
- Пакуль не ціснулі, не пераследавалі.
- Якіх сюпрызаў у гэтую кампанію чакаеце?
- Думаю, ніякіх цікавостак ні ў Кобрыне, ні па рэспубліцы не будзе, таму што гэтую гульню ў «выбары» праводзіць менавіта ўлада, і ўсё ідзе пад яе кантролем. І вылучэнне вось гэтых псеўдакандыдатаў ад партый - гэта ўсе ў планах улады.
- У чым бачыце сваю ролю падчас гэтай кампаніі?
- Я штодня сустракаюся з людзьмі і кожнаму тлумачу, што ўдзельнічаць у гэтых «выбарах» нельга.
- Ці будзеце разносіць матэрыялы, ладзіць пікеты, назіраць?
- Матэрыялы ўжо ёсць: газеты, улёткі з заклікам не хадзіць на «выбары». А ў назіранні мы ўдзельнічаць не будзем. Справа ў тым, што калі ты назіраеш за чымсьці, ты сам удзельнічаеш у гэтым фарсе.
- Пасля выбараў у 2008 годзе вас звольнілі з працы, а на сённяшні дзень вам не перашкаджаюць працаваць?
- Я - прадпрымальнік, але фактычна я працую ў якасці чорнарабочага, таму што розумам мне ў Кобрыне не даюць працаваць ды зарабляць. Тут, разумееце, у актывістаў ёсць два выйсці. Першае - быць чорнарабочым, вартаўніком, капаць катлаваны, працаваць на будоўлях. Альбо атрымліваць гранты ў офісах і фондах.
- Што вы плануеце рабіць 23-га верасня?
- У дзень «выбараў» мы з сям'ёй, пэўна, пойдзем у кіно.
- Што параіце выбаршчыкам, якія яшчэ вагаюцца?
- Звярнуць увагу на свае сем'і, падумаць пра дабрабыт.
- Якія асацыяцыі выклікае словазлучэнне «беларускія выбары»?
- Гэта ўвогуле трагічны тэрмін. Таму што мы тут выбіраем у сваім жыцці шлях, па якім будзем ісці. Альбо гэта сумленны шлях, і тады - беспрацоўе. Альбо несумленны шлях - і гэта праца на ўладу.