BE RU EN

Наста Палажанка: Тэрмін зняволення могуць расцягваць да бясконцасці

  • 28.08.2012, 16:19

Зміцера Дашкевіча хочуць зламаць, але гэта нікому не пад сілу, упэўнена нявеста палітвязня.

Намеснік старшыні «Маладога Фронту» Наста Палажанка пракаментавала сайту charter97.org прысуд лідэру «Маладога Фронту» Зміцеру Дашкевічу да яшчэ аднаго году зняволення.

«Яму далі максімальны тэрмін, які маглі даць па артыкуле «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі». Супрацоўнікі калоніі нам казалі, што не памятаюць выпадку, каб па 411-м артыкуле давалі такі жорсткі прысуд. Пару месяцаў давалі - але не год», - сказала Наста Палажанка.

«Тэндэнцыя кажа аб тым, што тэрмін зняволення вязняў сумлення - гумовы, і што яго могуць расцягваць да бясконцасці», - лічыць нявеста палітвязня.

«Але ім Зміцера не зламаць. За ўсё сваё жыццё ён прадэманстраваў нязломлены дух і жалезны характар, і калі хтосьці лічыць, што можа яго зламаць праз дадатковыя тэрміны зняволення, няхай ведаюць, што колькі б тэрмінаў яму не дадавалі, Дзіма не зламаецца», - упэўненая намеснік старшыні «Маладога фронту».

«Ён верыць у Божую волю і ведае, што дачакаецца таго часу, калі ў Беларусь прыйдуць перамены. Ніякія спробы зламаць Зміцера не паўплываюць ні на яго характар, ні на яго перакананні», - падкрэсліла Наста Палажанка.

Нагадаем, 28 жніўня ў Глыбоцкай калоніі судзілі лідэра «Маладога Фронту» Зміцера Дашкевіча па абвінавачванні ў «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі». Палітвязня прысудзілі да яшчэ аднаго году калоніі.

Зміцера Дашкевіча разам з актывістам «Маладога фронту» Эдуардам Лобавым затрымалі ў Менску за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года. Супраць іх учынілі правакацыю, пасля чаго маладафронтаўцаў абвінавацілі ў збіцці двух чалавек.

24 сакавіка 2011 года суд прысудзіў Дашкевіча да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Ён павінен быў выйсці на волю 18 снежня 2012 года.

Апошнія навіны