BE RU EN

МЗС асцерагаецца за амбасаду Беларусі ў Кыргызстане

  • 28.08.2012, 16:38

Сёння адбылася тэлефонная размова намесніка міністра замежных спраў Беларусі Ігара Петрышэнкі з міністрам замежных спраў Кыргызстана Русланам Казакбаевым.

Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.

«Да ўвагі кыргызскага боку даведзена заклапочанасць беларускага боку ў сувязі з сітуацыяй, якая складваецца вакол амбасады Беларусі ў Бішкеку», - растлумачылі ў МЗС.

У ходзе размовы, дадалі ў МЗС, была адзначана недапушчальнасць дзеянняў, якія парушаюць функцыянаванне і бяспеку дыппрадстаўніцтваў.

Ігар Петрышэнка таксама заявіў аб неабходнасці забеспячэння кыргызскім бокам адпаведнай аховы беларускага дыппрадстаўніцтва і яго персаналу.

Нагадаем, каля беларускай амбасады ў Кыргызстане прайшоў мітынг, у якім прынялі ўдзел больш за 200 чалавек. Члены арганізацый пацярпелых і загінулых у красавіцкіх падзеях 2010 года паспрабавалі прарвацца ў будынак амбасады, але ўваход блакавала служба аховы дыпмісіі і узмоцнены нарад міліцыі. Мітынгоўцы пачалі кідаць камяні ў вокны амбасады, а таксама разбілі шкло на стэндзе і гаршкі з раслінамі.

Як паведамляў сайт charter97.org, у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» былі апублікаваныя фатаграфіі Жаныбека Бакіева, які шпацыраваў па цэнтры Менска 17 жніўня.

Фотаздымкі выклікалі міжнародны скандал. 21 жніўня Міністэрства замежных спраў Кыргызскай Рэспублікі накіравала ў МЗС Беларусі вербальную ноту «аб прыняцці вычарпальных мер па больш хуткаму затрыманню грамадзяніна Бакіева Жаныша Саліевіча і наступнай яго экстрадыцыі ў Кыргызскую Рэспубліку». Не дачакаўшыся рэакцыі на свае патрабаванні, Міністэрства замежных спраў Кыргызстана 24 жніўня адклікала ў Бішкек свайго надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара ў Беларусі Эрыка Асаналіева для правядзення кансультацый.

Былы кіраўнік Кыргызстана Курманбек Бакіеў і яго брат Жаныбек Бакіеў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД і ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола. Яны абвінавачваюцца па артыкулах крымінальнага кодэксу ў саўдзеле ў масавых забойствах. Кыргызскі кіраўнік з сям'ёй хаваецца ў Беларусі з красавіка 2010 года. Яшчэ ў жніўні 2010 года Курманбеку Бакіеву быў выдадзены пашпарт грамадзяніна Беларусі, а ў гэтым годзе ён набыў дом за 2 млн даляраў на ўскраіне Менска

Апошнія навіны