BE RU EN

Выканкам СНД накіраваў кыргызскую ноту ў МЗС Беларусі

  • 29.08.2012, 11:52

Выканаўчы камітэт СНД атрымаў ноту МЗС Кыргызстана з просьбай аб аказанні садзейнічання ў экстрадыцыі Жаныбека Бакіева і перанакіраваў яе ў МЗС РБ.

Аб гэтым паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у сераду ў менскай штаб-кватэры СНД.

«Мы можам афіцыйна пацвердзіць інфармацыю аб атрыманні ноты МЗС Кыргызстана і паведаміць, што яна перанакіраваная ў МЗС Беларусі», - адзначыў прадстаўнік Выканкама СНД.

У аўторак міністэрства замежных спраў Кыргызстана звярнулася ў Выканкам СНД з просьбай аказаць садзейнічанне ў экстрадыцыі Жаныбека Бакіева з Беларусі.

Як адзначаецца ў паведамленні МЗС Кыргызстана, міністэрства працягвае працу па аказанні садзейнічання ва ўдакладненні месца знаходжання і далейшай экстрадыцыі ў Кыргызстан былога кіраўніка Службы дзяржаўнай аховы Кыргызскай Рэспублікі Бакіева Жаныбека Саліевіча.

«У гэтых мэтах МЗС звярнуўся ў Выканаўчы камітэт СНД як у дэпазітарый міжнародных дамоў, з просьбай разгледзець магчымасць аказання садзейнічання ў выкананні абавязацельстваў, прынятых на сябе беларускім бокам паводле Канвенцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах і іншым міжнародным дамовах, падпісанай у Менску 22 студзеня 1993 года», - гаворыцца ў паведамленні.

Як паведамляў сайт charter97.org, у сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» апублікавалі фатаграфіі Жаныбека Бакіева, які шпацыраваў па цэнтры Менска 17 жніўня.

Фотаздымкі выклікалі міжнародны скандал. 21 жніўня Міністэрства замежных спраў Кыргызскай Рэспублікі накіравала ў МЗС Беларусі вербальную ноту «аб прыняцці вычарпальных мер па больш хуткаму затрыманню грамадзяніна Бакіева Жаныша Саліевіча і наступнай яго экстрадыцыі ў Кыргызскую Рэспубліку». Не дачакаўшыся рэакцыі на свае патрабаванні, Міністэрства замежных спраў Кыргызстана 24 жніўня адклікала ў Бішкек свайго надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара ў Беларусі Эрыка Асаналіева для правядзення кансультацый.

Былы кіраўнік Кыргызстана Курманбек Бакіеў і яго брат Жаныбек Бакіеў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД і ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола. Яны абвінавачваюцца па артыкулах крымінальнага кодэксу ў саўдзеле ў масавых забойствах. Кыргызскі кіраўнік з сям'ёй хаваецца ў Беларусі з красавіка 2010 года. Яшчэ ў жніўні 2010 года Курманбеку Бакіеву быў выдадзены пашпарт грамадзяніна Беларусі, а ў гэтым годзе ён набыў дом за 2 млн даляраў на ўскраіне Менска.

Апошнія навіны