Фільм «Жыве Беларусь!» патрапіў у сусветную дыстрыбуцыю
- 29.08.2012, 16:29
Прэм'ера фільма, верагодна, адбудзецца ў лістападзе, а паказы ў кінатэатрах - вясной.
Intramovies - італьянская кампанія, якая будзе займацца сусветнай дыстрыбуцыяй фільма «Жыве Беларусь!». Пра гэта паведамілі ў польскай дзяржаўнай кінастудыі (WFDiF), перадае «Радыё Свабода».
Intramovies - незалежная кампанія, створаная больш за 40 гадоў таму, з'яўляецца міжнародным дыстрыбутарам фільмаў з усяго свету. Кампанія бярэ ў распаўсюд не больш за 8-10 стужак у год. Многія з іх атрымліваюць прызнанне на міжнародных фестывалях. Intramovies з'яўляецца афіцыйным дыстрыбутарам сотняў карцін.
Кампанія будзе прадстаўляць інтарэсы фільма, займацца яго вылучэннем на міжнародныя фестывалі, паказамі ў кінатэатрах. Па словах прадстаўніка польскай дзяржаўнай кінастудыі, мэта - каб фільм трапіў у кінатэатры Германіі, Італіі, іншых краін.
Прэм'ера фільма, верагодна, адбудзецца ў лістападзе на адным з еўрапейскіх фестываляў. А пракат у кінатэатрах, па папярэдняй дамоўленасці, - вясной 2013.
Нагадаем, фільм апавядае аб сучаснай Беларусі.
Маладога рок-музыку забіраюць у войска, а гурт трапляе ў чорныя спісы. У войску ён пачынае весці дзённік у інтэрнэце, дзе апісвае дзедаўшчыну і ўмовы службы. Дзённік перарастае ў адкрытае супрацьстаянне з рэжымам.
Фільм здымаўся ў лістападзе-снежні 2011 года ў Польшчы. Трэйлер фільма быў паказаны на Берлінскім кінафестывалі вясной 2012. Гэта дапамагло фільму патрапіць на кінарынак у Каны.
Сцэнар - беларускі журналіст і актывіст Франак Вячорка і Кшыштаф Лукашэвіч. У фільме зняліся рэпер Вінцэнт, акцёры Дзяніс Тарасенка, Алег Сідорчык, Аляксандр Малчанаў, Раман Падаляка, Анатоль Кот, шоўмэн Аляксандр Памідораў, польская актрыса Караліна Грушка.