Амбасадара Швецыі выгналі з Менска
- 3.08.2012, 16:37
(абноўлена) Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт у Твітэры.
«Рэжым Лукашэнкі выслаў амбасадара Швецыі ў Беларусі за занадта актыўную падтрымку праў чалавека. Абуральна. Гэта паказвае характар рэжыму», напісаў у сваім блогу шведскі міністр.
У наступным паведамленні Карл Більт адзначыў, што шведскі бок не жадае бачыць у краіне беларускага амбасадара, а таксама двух іншых супрацоўнікаў беларускай амбасады і будзе настойваць на іх выездзе са Швецыі.
Пакуль афіцыйнага пацвярджэння аб высылцы шведскага дыпламата з беларускага боку няма.
На прэс-канферэнцыі, якая прайшла сёння ў Стакгольме, Карл Більт адзначыў, што лічыць рашэнне аб высылцы амбасадара прынятым на самым высокім узроўні. На думку палітыка, гэта паказвае, што беларускі рэжым баіцца за сваю будучыню, піша Svenska Dagbladet.
«Гэта рашэнне паказвае слабасць Беларусі», - сказаў міністр.
Карл Більт таксама паведаміў, што пра інцыдэнт праінфармаваныя ўсе дзяржавы ЕЗ. Чакаецца, што сёння з заявай выступіць Кэтрын Эштан.
«Без наступстваў гэты крок не застанецца», - паабяцаў міністр.
Дыпламатычны скандал стаў працягам гісторыі шведскага «плюшавага дэсанта».
Як паведамляў сайт charter97.org, 4 ліпеня беларускую мяжу незаўважна для СПА перасёк лёгкаматорны шведскі самалёт. Над Івянцом і ўскраінамі Менска з яго былі скінутыя плюшавыя мядзведзі з плакатамі ў падтрымку свабоды слова ў Беларусі. Улады Беларусі не прызнавалі факту палёту да 26 ліпеня, заяўляючы, што «вядзецца праверка». Тым часам былі затрыманыя фатограф Антон Сурапін, які выклаў у інтэрнэце фота плюшавых мядзведзяў, знойдзеных пад Івянцом, а таксама рыэлтар Сяргей Башарымаў, які ў Менску здаваў шведам кватэру.
Пасля гэтага Лукашэнка зняў з пасад старшыню Дзяржпамежкамітэта генерал-маёра Ігара Рачкоўскага і камандуючага ВПС і войскамі СПА Узброеных Сіл генерал-маёра Зміцера Пахмелкіна. Тры дні таму пралукашэнкаўская газета «Советская Белоруссия» абвінаваціла шведскіх палітыкаў, у прыватнасці, амбасадара Стэфана Эрыксана ў «імпэрыялізме» і «залішняй цікавасці» да нашай краіны.
Стэфан Эрыксан працаваў у якасці амбасадара Швецыі ў Менску з 2005 года.