Віктар Івашкевіч: Еўрапейскія дыпламаты павінны прыняць санкцыі
- 3.08.2012, 17:32
Палітык спадзяецца, што ЕЗ зойме паслядоўную пазіцыю ў сувязі з высылкай амбасадара Швецыі з Менска.
Віктар Івашкевіч, адзін з лідэраў апазіцыі, пракаментаваў сайту charter97.org высылку шведскага амбасадара Стэфана Эрыксана.
«Гэта яшчэ адзін пасыл тым еўрапейскім палітыкам, якія мараць пачаць дыялог з рэжымам на прадмет яго паступовай дэмакратызацыі», - сказаў Віктар Івашкевіч.
Таксама палітык спадзяецца, што рэакцыя Еўразвяза будзе жорсткай.
«Я магу толькі спадзявацца, што еўрапейскія дыпламаты зоймуць паслядоўную пазіцыю і прымуць неабходныя дзеянні і санкцыі, у тым ліку эканамічныя, з патрабаваннем вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных, - лічыць Віктар Івашкевіч. - І спадзяюся, што прызначэнне некалькіх псеўдаапазіцыянераў у «палатку» не заменіць патрабаванні вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных вязняў».
Нагадаем, сёння стала вядома аб тым, што амбасадара Стэфана Эрыксана выгналі з Менска. Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт у Твітэры.