Ярмошына канчаткова адмовіла Мілінкевічу
- 30.08.2012, 17:32
ЦВК не задаволіў скаргу Аляксандра Мілінкевіча на адмову зарэгістраваць яго кандыдатам у «дэпутаты».
Раней акруговая камісія Уручскай выбарчай акругі адмовіла ў рэгістрацыі Мілінкевічу па прычыне ўстаноўленых парушэнняў пры зборы подпісаў у падтрымку свайго вылучэння, а таксама з-за адсутнасці ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці зямельнага ўчастка, піша «Інтэрфакс»..
Цэнтрвыбаркам палічыў неабгрунтаваным рашэнне акруговай выбарчай камісіі з нагоды парушэнняў, дапушчаных пры падачы дэкларацыі аб маёмасці.
У сваю чаргу, па рашэнні ЦВК, абгрунтаванай з'яўляецца прэтэнзія, звязаная з выяўленай няпэўнасцю больш за 15% подпісаў у падпісных лістах, сабраных у падтрымку Мілінкевіча.
У цэлым, з 53 скаргаў на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у «дэпутаты», якія Цэнтрвыбаркам разгледзеў 28-30 жніўня, задаволены дванаццаць.
28 жніўня ЦВК зарэгістраваў кандыдатам у «дэпутаты» сябра Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Людмілу Дзенісенка, 29 жніўня - малодшага навуковага супрацоўніка Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Ягора Лябёдку, а таксама сяброў «Справядлівага свету» Артура Эшбаева і Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Уладзіміра Малярчука.
На сённяшнім пасяджэнні з 26 скаргаў ЦВК задаволіў сем. У прыватнасці, кандыдатамі ў «дэпутаты» былі зарэгістраваныя: вылучаная ад АГП актывістка аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская партыя» Вольга Кавалькова, сябар АГП, былы міністр абароны Павел Казлоўскі, сябар «Справядлівага свету» Алег Квітко, майстар ўчастка ГУП «ЖЭС № 48 ЖРЭА № 1 Фрунзенскага раёна» Павел Спірын, сябар Ліберальна-дэмакратычнай партыі акцёр Яўген Крыжаноўскі, сябар Партыі БНФ Сяргей Карповіч і старэйшы выкладчык Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БНТУ Любоў Шомчанка.
Сярод тых, каму ў задавальненні скаргаў было адмоўлена, - актывіст кампаніі «Гавары праўду!» Міхаіл Пашкевіч, урач-псіхатэрапеўт Аляксей Хадоркін, эколаг Георгій Лепін і іншыя.