BE RU EN

Der Spiegel: Нямецкая паліцыя навучала беларускі спецназ і пасля 19 cнежня 2010 года

  • 6.08.2012, 15:35

Апошняя такая трэніроўка праходзіла ў Беларусі з 21 па 25 лютага 2011 года.

Нягледзячы на санкцыі Еўрапейскага звяза супраць рэпрэсіўнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі нямецкая федэральная паліцыя праводзіла навучанне яго «экспертаў» у мінулым годзе. Трэнінг праходзіў у Беларусі ўсяго праз пару месяцаў пасля жорсткага падаўлення пратэстаў апазіцыі, піша нямецкі часопіс Spiegel (пераклад - charter97.org).

Інфармацыя пра тое, што кіраўнік федэральнай паліцыі Маціас Зегер быў звольнены за сувязі з беларускімі ўладамі, з'явілася на мінулым тыдні. Цяпер яна пацвердзілася.

Адразу пасля з'яўлення інфармацыі аб прычынах свайго звальнення Зегер назваў іх «лухтой». Ён растлумачыў, што кантакты былі толькі з памежкамітэтам Беларусі і, да таго ж, 2 гады таму.

Але інфармацыя, атрыманая нямецкімі парламентарыямі па афіцыйным запыце, паказала, што гэта не так. Яшчэ ў мінулым годзе федэральная паліцыя працягвала навучанне лукашэнкаўскіх спецыяльных падраздзяленняў. Гэтыя трэніроўкі датычыліся «працы паліцыі ў зонах рызыкі».

Час трэніроўкі - люты 2011 года - заслугоўвае асаблівай увагі. Яна была арганізавана ўсяго праз некалькі дзён пасля пачатку паказальных працэсаў супраць актывістаў апазіцыі, затрыманых на акцыі пратэсту, якая прайшла ў Менску 19 снежня 2010 года, у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Многія палічылі іх сфальсіфікаванымі. У гэты дзень міліцыя збіла і затрымала каля 700 чалавек, у тым ліку некаторых кандыдатаў у прэзідэнты.

Еўрапейскі Звяз увёў санкцыі ў адказ на рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі. Тым не менш, праблем у прадстаўнікоў федэральнай паліцыі ФРГ з паездкай у Менск не было.

Апошнія навіны