Беларуска Надзея Астапчук стала алімпійскай чэмпіёнкай (Фота)
- 6.08.2012, 22:15
Беларуска заваявала золата Алімпійскіх гульняў у Лондане ў штурханні ядра.
У сваёй лепшай спробе Надзея Астапчук штурхнула ядро на 21 метр 36 сантыметраў. Серабро дасталося яе адвечнай суперніцы Валеры Адамс з Новай Зеландыі, якая прайграла беларусцы 66 сантыметраў, паведамляе «Інтэрфакс».
Яшчэ ў ранішняй кваліфікацыі Надзея Астапчук зрабіла сур'ёзную заяўку на перамогу, з першай жа спробы адправіўшы ядро на 20 метраў 76 сантыметраў. Выканаўшы кваліфікацыйны нарматыў, Надзея больш не выходзіла ў сектар. Аднак яе суперніцы так і не змаглі пасунуць лідэра з першай пазіцыі.
У фінале першая спроба ў Надзеі не ўдалася - усяго 20.01. Затое затым беларуска выдала вялікую серыю з чатырох спроб, у кожнай з якіх ядро ляцела за адзнаку ў 21 метр: 21.31 м., 21.36 м, 21.15 м і 21.32 м!
Варта адзначыць, што тры з гэтых чатырох спроб перавышаюць асабісты рэкорд галоўнай суперніцы Надзеі, новазеландкі Валерыі Адамс, які складае 21.24 м. Зрэшты, у Лондане ні Валеры, ні іншыя спартсменкі не змаглі і блізка падабрацца да адзнакі ў 21 метр. У лепшай сваёй спробе В.Адамс адправіла ядро на 20 м.70 см. Гэтага хапіла для заваявання сярэбранага медаля.
На трэцім месцы ішла кітаянка Гонг з вынікам 20.22 м, паказаным у пятай спробе. Аднак у шостай спартсменку з Паднябеснай раптам абышла расеянка Яўгенія Каладко, якая ўстанавила ў Лондане асабісты рэкорд - 20 метраў 48 сантыметраў.
Золата Надзеі Астапчук стала трэцім у скарбонцы беларускай каманды ў Лондане. Раней чэмпіёнамі Алімпійскіх гульняў станавіліся Сяргей Мартынаў (стральба кулявая) і дуэт тэнісістаў Максім Мірны / Вікторыя Азаранка. Акрамя таго, у скарбонцы беларускай каманды ёсць два срэбра, заваяваныя плыўчыхай Аляксандрай Герасіменяй, а таксама тры бронзавыя медалі. На трэцяе месца алімпійскага п'едэстала паднімаліся цяжкаатлетка Марына Шкерманкова і Ірына Кулеша, а таксама тэнісістка Вікторыя Азаранка ў адзіночным разрадзе.
У неафіцыйным медальным заліку Беларусь паднялася на 13-е месца.